Кампанію ініцыяваў былы кандыдат у дэпутаты Глыбоцкага райсавету, сябар партыі БНФ Яраслаў Берніковіч. Ён прапануе цягам ста дзён адсочваць дзейнасьць новаабраных дэпутатаў райсавету: як яны працуюць у сваіх акругах і наколькі дбайна выконваюць наказы выбаршчыкаў. У тым выпадку, калі праца будзе нездавальняючай, Яраслаў Берніковіч гатовы распачаць працэдуру адкліканьня дэпутата.Сябар Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч балятаваўся ў райсавет па Шунеўскай выбарчай акрузе і набраў, паводле афіцыйных дадзеных, 11% галасоў. Дэпутатам быў абраны дырэктар ПМК Эдуард Танканог, адзіны канкурэнт апазыцыйнага кандыдата. Паводле Яраслава Берніковіча, пракантраляваць дзейнасьць новага дэпутата варта хаця б таму, што выбары праходзілі з парушэньнямі.
Берніковіч: "Нічога асабістага да майго канкурэнта ў мяне няма: ён і разумны чалавек, і добры адмыслоўца. Але ж выбары былі нячэсныя, не адкрытыя. Наш выбарчы ўчастак мясьціўся ў канторы ПМК, якой кіруе мой былы апанэнт, а шасьцёра з дванаццаці чальцоў камісіі былі ягоныя падначаленыя. Галасы ж лічылі асабіста старшыня і сакратар выбарчае камісіі."
Пра парушэньні ў часе выбараў Яраслаў Берніковіч мяркуе напісаць у адмысловых улётках і распаўсюдзіць іх сярод выбарцаў сваёй акругі. Гэткі, на ягоную думку, будзе першы этап кампаніі "100 дзён". А другім – непасрэдна кантроль дэпутацкае дзейнасьці.
Берніковіч: "Будзем адсочваць, як выконваюцца наказы выбаршчыкаў. Сустрэчы з выбарцамі ў нас былі аднолькавыя, людзі – адны й тыя самыя, і наказы ў іх адны й тыя самыя: неасьветленыя вуліцы, дрэнныя дарогі... Адсачыць дэпутацкую працу, я думаю, вялікае цяжкасьці не складзе."
Трэцім этапам грамадзкай кампаніі, у выпадку нездавальняючай працы дэпутата, мусіць стаць ягонае адкліканьне. На Беларусі падобных прэцэдэнтаў яшчэ не было. Паводле віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, меліся хіба толькі намеры зрабіць нешта падобнае.
Сьвецік: "Я магу згадаць хіба 2-3 спробы наладзіць адкліканьне дэпутата па ўсёй Беларусі. Думаю, што далей намераў нічога не пайшло: сам мэханізм адкліканьня паводле сучаснага беларускага заканадаўства вельмі складаны, і не апрабаваны нікім. Але сэнс займацца гэтым, я думаю, ёсьць. Па-першае, пэўны кантроль прымусіць дэпутата ўсё-ткі займацца працай, а то зазвычай дэпутаты сустракаюцца з выбаршчыкамі толькі на прыёмах, калі ім носяць "чалабітныя". Па-другое, кампанія кшталту "100 дзён", як прыдумалі ў Глыбокім, ёсьць нейкай актывізацыяй грамадзтва".
Ініцыятар кампаніі "100 дзён" Яраслаў Берніковіч быў адным з чатырох зарэгістраваных на Глыбоччыне незалежных кандыдатаў рэгіёну. Ніводзін зь іх у мясцовыя саветы ня трапіў. Цяпер, мажліва, яны таксама далучацца да кампаніі "100 дзён" – каб альбо дапамагчы сваім выбаршчыкам дамагчыся выкананьня наказаў, альбо паспрабаваць дамагчыся адкліканьня бязьдзейных кандыдатаў.
Крыніца: Радыё Свабода