Узбуджаны дзве крымінальныя справы па перадвыбарчых улётках
Дзве крымінальныя справы па факце распаўсюду ў Віцебску ўлётак паклёпніцкага і абразлівага зместу ў адносінах да сябраў выбарчых камісій ўзбудзілі органы пракуратуры.
Пра гэта газеце “Народнае слова” паведаміла выконваючая абавязкі начальніка аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Алена Казлова. Па яе інфармацыі, пракуратура вобласці разгледзіла больш за 20 грамадзянскіх спраў па скаргах на адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Усе гэтыя скаргі пакінуты без задавальнення. Акрамя таго, падчас выбарчай кампаніі пракуроры вобласці разгледзілі 15 зваротаў грамадзян і службовых асоб аб парушэнні выбарчага заканадаўства. Большасць гэтых скаргаў таксама была адхілена. Пераважна яны тычыліся адмовы ў рэгістрацыі і пытанняў парадку збору подпісаў выбаршчыкаў.