Народные новости Витебска

На Пастаўшчыне ўсталяваны помнік паўстанцам 1831 года

Побач з вёскай Жакі Пастаўскага раёна 28 студзеня мясцовыя краяўнаўцы ўсталявалі помнік героям паўстання 1831 года. Пад крыжам змешчаны надпісы на беларускай і польскай мовах: “Памяці змагароў за свабоду нашу і вашу”.

Помнік зроблены са звычайнага бетону, але, як кажа краязнаўца і каваль Юры Фурс, “дзякаваць Богу, што ёсць і такі знак”. Ён усталяваны за чатыры кіламетры ад мястэчка Лынтупы. Мясцовыя людзі распавядаюць, што зямля тут вельмі гаротная. У 1950-я гады савецкі калгас зруйнаваў могілкі паўстанцаў, знішчыў надмагільныя камяні.

Гістарычная даведка. Увесну 1831 года Беларусь падтрымала антырасійскае паўстанне ў Польшчы. Найбольш чынная барацьба разгарнулася ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісненскім і Віленскім паветах, а таксама ў ваколіцах Белавежскай пушчы. На памежжы Віцебскай і Віленскай геберняў паспяхова дзейнічаў палявы аддзел, створаны 25-гадовай графіняй Эміліяй Плятэр, збіральніцай беларускага фальклору, паэткай і рэвалюцыянеркай. Пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, яна і сама ўдзельнічала ў баях з расійскімі акупантамі, атрымала званне капітана і была прызначана ганаровым камандзірам паўстанцкага войска.

Праз некалькі месяцаў, у жніўні 1831 года, царызм задушыў паўстанне і ўзмацніў каланіяльны ўціск. Быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, адразу пасля паўстання ў Віцебскай і Магілёўскай губернях было скасавана дзеянне Статуту Вялікага княства Літоўскага. Цар Мікалай І зацвердзіў пастанову пра перасяленне ў Беларусь “выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собой в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу». Праз 30 гадоў успыхнула новае паўстанне – пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага...