Помнік князю Усяславу Чарадзею паставяць пасля святкавання 1045-годдзя Полацка

У Полацку сёлета будзе ўсталяваны конны помнік князю Усяславу Чарадзею – таленавітаму дзяржаўнаму дзеячу і адважнаму ваяру, які гаспадарыў у Полацкім княстве з 1044 па 1101 год, і пры якім яно дасягнула найвышэйшага росквіту і магутнасці. Падчас праўлення князя-легенды ў горадзе гарадоў беларускіх быў пабудаваны Сафійскібор.

Конную статую з бронзы збіраюцца паставіць не побач з Сафійкай, як планавалася раней, а пры ўездзе ў гістарычны цэнтр Полацка, недалёка ад Чырвонага маста. Вышыня помніка разам з пастаментам будзе 3 з паловай метры. Аўтарам мастацкай кампазіцыі з’яўляецца скульптар з Мінска Аляксандр Прохараў.

Першапачаткова мясцовыя ўлады планавалі, што помнік будзе ўсталяваны да 1045-годдзя заснавання Полацка. «Але па многіх прычынах зрабіць гэта да юбілейнай даты, да Дня горада, які традыцыйна адзначаецца ў апошнюю суботу траўня, не атрымаецца. Таму помнік будзе ўсталяваны некалькі пазней, але дакладна сёлета. Спецыялісты яшчэ павінны прыйсці да канчатковага рашэння, што будзе напісана на помніку. Хутчэй за ўсё, надпіс будзе на дзвюх мовах – стараславянскай і сучаснай беларускай”, – распавёў галоўны спецыяліст па абаронна-мабілізацыйных пытаннях Полацкага гарвыканкама Станіслаў Красоўскі.

Усцешвае, што ў Беларусі з’явіцца яшчэ адзін помнік знакамітай гістарычнай асобе. Так, у Барысаве ёсць помнік заснавальніку гэтага горада – князю Барысу, сыну Усяслава Чарадзея, у Заслаўлі стаіць помнік Рагнедзе з Ізяславам, помнік Давыду Гарадзенскаму паставілі давыд-гарадчане. Конны помнік вялікаму князю Гедыміну збіраюцца ўсталяваць жыхары Ліды. Бадай што, усё... Наша Бацькаўшчына багатая на выбітных сыноў і дачок, але беларускія ўлады, на жаль, не спяшаюцца ўшаноўваць іх памяць. Часцей імкнуцца ўганараваць іншаземцаў, да прыкладу, у Кобрыне хочуць  паставіць не проста помнік, а храм-помнік Аляксандру Сувораву. А пра ягоную крывавую ролю ў нашай гісторыі ведае кожны школьнік, нават не самы старанны...

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ