Сёння ўвечары на даху жылога дома па вуліцы Гогаля, прыкладна ў 100 метрах ад будынка Віцебскага аблвыканкама, з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг.
Да гістарычнага штандара была прымацавана занатоўка: “Да народзінаў нацыянальных герояў Беларусі Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага. Мы нічога не забылі і ведаем, што рабіць. Жыве Беларусь! Мірон”.
Гістарычная даведка. Правадыр паўстання 1863-1864 гг. Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў шляхецкай сям’і ў вёсцы Мастаўляны (зараз тэрыторыя Польшчы). 22 сакавіка змагара публічна павесілі ў Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі. Перад смерцю ён здолеў пераслаць з-за турэмных кратаў “Ліст з-пад шыбеніцы” – свой духоўны запавет, у якім выказаў пэўнасць, што толькі тады “народзе, зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе”.
Выдатны барацьбіт за свабоду свайго краю Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 года ў сям’і беларускага шляхціча ў вёсцы Сяхновічы Кобрынскага павета (зараз Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці). Вымушаны пакінуць Радзіму, ён падаўся у Паўночную Амерыку, дзе 7 гадоў змагаўся ў шэрагах амерыканскай арміі супраць англійскага каланіяльнага ціску. Атрымаў званне генерала, а перамога ў бітве пад Саратогай у многім была заслугаю Касцюшкі. Сябраваў з першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Вашынгтонам і Томасам Джэферсанам.
Пасля вяртання на Радзіму ўзначаліў нацыянальна-вызвольнае паўстанне 1794 года. Пасля яго паражэння (кіраваў расійскімі войскамі А.Сувораў) трапіў у Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбурзе, адкуль яго пазней вызваліў расійскі цар Павел І. Памёр Тадэвуш Касцюшка на чужбіне – у Швейцарыі ў 1817 г. Яму пастаўлены помнікі ў Кракаве, Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе, Мілуокі.