Як вядома, у 2008 годзе ў Оршы пройдзе рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”. І горад на Дняпры яшчэ летась распачаў падрыхтоўку да гэтай падзеі. Сёлета праца працягваецца, і, як адзначыў галоўны архітэктар Оршы Мікалай Латковіч, “2007 год павінен стаць для горада “ураджайным” на чырвоныя стужачкі”.
Тут плануюць скончыць будаўніцтва радзільнага дома, аўтавакзала, школы №1 і шматлікіх іншых аб’ектаў. Па словах М.Латковіча, ужо падрыхтаваны праект рэканструкцыі буданка калегіума іезуітаў, дзе плануюць размясціць гарадскую выставачную залу. У цэнтры Оршы пабудуюць вялікі супермаркет, дзе, апроч гандлёвых залаў, будуць памяшканні для боулінга і кропак грамадскага харчавання. Папрыгажэюць і аршанскія дамы. “Што тычыцца фасадаў, то яны зменяцца карэнным чынам. Мы знайшлі каляровае рашэнне, якое будзе агульным для ўсяго горада. Мы вырашылі адыйсці ад традыцыйных аднакаляровых фасадаў, замяніць іх на графічнае выдзяленне рознымі адценнямі. Іх гульня створыць цікавыя малюнкі, дазволіць пазбегнуць сумнай аднастайнасці”, – распавёў галоўны архітэктар Оршы.
Яшчэ напачатку мінулага года па ініцыятыве гарадской адміністрацыі каля ўваходу ў Аршанскі гарвыканкам усталявалі чырвона-зялёную скрыню, у якой любы гараджанін можа пакінуць свае прапановы па арганізацыі “Дажынак”.
Па матэрыялах аршанскай газеты “Телеком-экспресс”.