Старшынём Віцебскага гарсавета зноў стаў Г.Грыцкевіч

На першай арганізацыйнай сесіі Віцебскага гарсавета 25-га склікання шляхам тайнага галасавання быў абраны ягоны старшыня. Ім зноў – ужо ў трэці раз – стаў Генадзь Грыцкевіч. Дзякуючы дэпутатаў за “аказаны давер”, ён аптымістычна адзначыў: “Я ўпэўнены, што ў нашага горада цудоўная будучыня”.

Быў слабы спадзеў, што, можа, на гэты раз паважанаму спадару Грыцкевічу знойдуць замену. Але альтэрнатывы бяссменнаму кіраўніку дэпутацкага корпусу зноў не аказалася, і складаецца ўражанне, што гэтая пасада будзе за ім, напэўна, пажыццёва. Дэпутаты, якія выступілі ў падтрымку новага-старага старшыні, гаварылі, што ён “вопытны і аўтарытэтны кіраўнік”, якому “удалося падняць статус дэпутатаў у вачах віцябчан”. А намеснікам старшыні гарсавета стаў дырэктар філіяла “Віцебскія электрычныя сеткі” РУПЭ “Віцебскэнерга” Павел Харытонаў. Сфармаваныя таксама пяць пастаянных камісій гарсавета і абраныя іх кіраўнікі. Так, старшынём камісіі па пытаннях прамысловасці, бюджэту і эканамічным развіцці зацверджаны дырэктар Віцебскага філаіяла РУП “Белпошта” Мікалай Смунёў, камісіі па гарадской гаспадарцы, упраўленні камунальнай уласнасцю, транспарту і сувязі – дырэктар завода КПД “Віцебскі ДБК” Барыс Арцем’еў, камісіі па горадабудаўніцтву, землекарыстанні, экалогіі – начальнік ДРБУ №52 ААТ “Аўтамагістраль” Сяргей Самахвалаў, камісіі па пытаннях развіцця сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны і моладзевай палітыкі – дырэктар Віцебскага тэхналагічнага коледжа Аляксандр Ласякін, мандатнай камісіі па пытаннях законнасці і мясцовага самакіравання – начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мікалай Арлоў. Арганізацыйныя сесіі гарадскіх і раённых Саветаў праходзяць гэтымі днямі па ўсёй Віцебшчыне. І трэба адзначыць, што практычна ва ўсіх мясцовых Саветах зноў абраныя ранейшыя старшыні. Новыя лідэры мясцовага самакіравання з’явіліся, у прыватнасці, у Талочынскім і Лепельскім райсаветах дэпутатаў.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ