Удзельнік рэаліці-шоу “Зорны цырк” тэлеканала ОНТ Павел Кежа з Віцебска ў чарговым туры выступіў на пару з харэографам з Мінска Віктарам Арцёмавым у жанры сілавой акрабатыкі.
І хоць хлопцы абліваліся потам (В.Арцёмаў нават нейкім чынам умудрыўся утрымаць 240 кілаграмаў), іхняе выступленне журы ацаніла досыць высока. Наш зямляк атрымаў 8,8 балаў і ўвайшоў у чацвёрку лідэраў. Роўна ж столькі ж балаў у Георгія Волчака і Люсі Лушчык. Найбольшая колькасць балаў – 9,2 – на гэты раз у тэлевядучай Наталлі Радавай.
Па ўмовах гульні, склад журы на кожным туры мяняецца. На гэты раз у яго ўваходзіў тэнісіст Максім Мірны. І трэба сказаць, што адзнакі, якія ён выстаўляў, былі самыя строгія. Нават дырэктар цырка з Расіі быў больш лаяльным да пачынаючых артыстаў, чым беларускі спартсмен. Мірны не вельмі ўдала пажартаваў: “Можа, у “Зорным цырку” за некалькі дзён падрыхтуюць і тэнісістаў...” Між іншым, менавіта з-за Мірнага, які 10 лютага будзе ўдзельнічаць у матчы сусветнай групы Кубка Дэвіса 2007 года (1/8 фіналу, Беларусь – Швецыя), прыхільнікі рэаліці-шоу ўбачаць яго працяг толькі праз два тыдні – 18 лютага, бо ОНТ будзе трансліраваць гэты матч.
У складзе журы была таксама чароўная Вікторыя Махота, якая нядаўна заняла 2-ое месца на конкурсе “Супермадэль свету”. Прыгажуня была досыць прыязнай да ўдзельнікаў рэаліці-шоу і не шкадавала балаў. У гэтым туры на выбыванне намінаваны адразу тры чалавекі. Шкада, што ў іх лік трапіла хатняя гаспадыня Святлана Баранская, якая ў мінулы раз так удала выступіла ў жанры паветранай акрабатыкі, узняўшыся, нібы птушка, пад купал цырка.
Што тычыцца нашага земляка, то ён прызнаўся: “Я закахаўся у цырк. І мне зараз цяжка зрабіць выбар, што лепей – школа або цырк”. Ягоныя вучні, якія і на гэты раз прыехалі падтрымаць свайго настаўніка, гучна крычалі: “Не адпусцім, не адпусцім!!!” Адзінае дрэнна – не размаўляе наш Павел на арэне “Зорнага цырку” па-беларуску. А гэта было б цалкам натуральна: ён жа выкладае родную мову. Шкада, быў бы добры прыклад як дзецям, так і дарослым.