У Бешанковічах, магчыма, паставяць помнік Льву Сапегу

Рада грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” прыняла план дзеянняў на 2007 г. Сярод іх мерапрыемствы з нагоды знакавых для Беларусі падзеяў. У прыватнасці, Рада зацвердзіла тэкст ліста да А.Лукашэнкі з прапановамі наконт святкавання 450-годдзя з дня нараджэння канцлера Вялікага княства Літоўскага, аўтара Трэцяга Статута ВКЛ Льва Сапегі.

У звароце да кіраўніка дзяржавы ТБМ прапаноўвае аб’явіць конкурс на стварэнне помніка канцлеру ВКЛ і ўсталяваць яго ў адным з гарадоў Беларусі. У якасці прыярытэтных гарадоў прапаноўваюцца Бешанковічы, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Ліда і Мінск, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю Льва Сапегі.

І калі прэзідэнт раптам задаволіць гэтую просьбу, то, магчыма, месцам ушанавання памяці Сапегі абяруць Бешанковічы. І гэта будзе справядліва, бо вялікі канцлер ВКЛ родам з Віцебшчыны. Ён нарадзіўся 4 красавіка 1557 г. у вёсцы Астроўна, якая цяпер у Бешанковіцкім раёне. Дзяцінства сваё правёў у Нясвіжы, дзе ягоным апекуном і настаўнікам быў князь Мікалай Радзівіл Чорны. Вялікі канцлер быў другім чалавекам у дзяржаве пасля вялікага князя, і гэту пасаду Л.Сапега займаў больш за 30 гадоў. Падрыхтоўку Трэцяга Статута ВКЛ (1588 г.) – а на той час гэта быў самы прагрэсіўны збор права ў Еўропе – Сапега распачаў па даручэнні князя Жыгімонта Вазы. Напрыканцы жыцця палітык праявіў сябе і як таленавіты ваяр, заняўшы пасаду вялікага гетмана. Акрамя таго, ён быў мецэнатам, дапамагаў мастакам і пісьменнікам. А падчас вайны са Швецыяй у 1625-1629 гг. ахвяраваў амаль усю сваю маёмасць на ўтрыманне войска. Пахаваны Леў Сапега ў віленскім касцёле Святога Міхала.

ТБМ таксама прапаноўвае прэзідэнту назваць у гонар Сапегі вуліцы, выдаць мастацкі альбом, правесці навуковую канферэнцыю і ўрокі ў школах, прысвечаныя яму, а таксама надаць асаблівую ўвагу гэтаму выбітнаму грамадскаму дзеячу падчас правядзення чарговых Дзён беларускага пісьменства.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ