Ці паставяць у Полацку помнік музыканту Яшу Хейфецу?
У Полацку створана ініцыятыўная група для ўстанаўленьня там помніка вялікаму музыканту XX стагодзьдзя Яшу Хейфецу, якога па заслугах лічаць адным з самых знакамітых скрыпачоў усіх часоў і народаў.
Яша (сапраўднае імя – Ёсіф) Хейфец нарадзіўся ў 1901 годзе ў Вільні. У восем гадоў паступіў у Пецярбурскую кансэрваторыю, у 12 гадоў ужо даваў канцэрты ў Эўропе; падчас рэвалюцыйных закалотаў выехаў у Амэрыку і памёр там 20 гадоў таму. Чаму ж помнік Яшу Хейфецу павінен стаць менавіта ў Полацку? Пра тое апавядае дасьледнік творчасьці музыканта, дырэктар Ветрынскай школы мастацтваў Уладзімер Амосаў: “Бацькі знакамітага музыканта жылі ў Полацку, у Задзьвіньні. Бацька быў палачанін, а маці паходзіла зь мястэчка Баравуха, што непадалёку ад Полацку. Дый нарадзіўся Яша Хейфец у Вільні адразу ж пасьля пераезду туды бацькоў. Полацкі род Хейфецаў даў сьвету вялікага скрыпача, і дзе, як ні тут, павінен паўстаць помнік. Прычым гэта павінен быць помнік падлетку-музыканту”. Паводле Ўладзімера Амосава, гэта быў бы і знак павагі дарэшты спляжанай людзьмі і часам багатай габрэйскай культуры: “На пачатку мінулага стагодзьдзя больш як 60 адсоткаў насельніцтва Полацку складалі габрэі. І мне, праваслаўнаму беларусу і карэннаму палачаніну, вельмі крыўдна, што культура габрэйскага народу практычна зьнікла. Крыўдна таксама, што ўлады не палічылі за патрэбнае даць нават фармальны адказ на прапанову аб усталяваньні помніка”. Такая прапанова была накіраваная ў Полацкі гарвыканкам і ўпраўленьне культуры Віцебскага аблвыканкаму яшчэ 13 лістапада. Зрэшты, сябры ініцыятыўнай групы вялікіх спадзяваньняў на мясцовыя ўлады не ўскладаюць. “Думаю, у гэтай справе нас падтрымаюць вядомыя музыканты, а таксама былыя палачане, што жывуць цяпер у ЗША, Ізраілі, Вялікай Брытаніі. Помнік Яшу Хейфецу, безумоўна, падвысіць імідж гораду як культурна-гістарычнага цэнтру”, – кажа Амосаў . Крыніца: “Радыё Свабода”.