Падчас снегападаў на вуліцах Віцебска працуе 25-30 снегаўборачных машын, яшчэ каля 30 вывозяць снег на звалку, якая з’явілася два гады таму ў раёне Нікраполля – замест праблемнай, з пункту гледжання эколагаў, звалкі каля былога кінатэатра “Беларусь”. Штодзень туды адвозяць 1000-1300 кубаметраў снежнай масы. Але снегаўборачная тэхніка зношана на 90%.
За апошнія чатыры гады гарадскі парк снегаўборачнай тэхнікі не аднаўляўся, і кожная трэцяя машина сыходзіць з лініі з-за паломак. Як і шмат гадоў таму, віцебскія дарогі пасыпаюць пяском і саляной сумессю. Пра новыя, больш бяспечныя для аўтатранспарту і абутку гараджан сродкі, на жаль, даводзіцца толькі марыць, піша газета “Народнае слова”.