А.Ацясаў абраны старшынём аблсавета дэпутатаў на трэці тэрмін
Учора ў Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў адбылася першая арганізацыйная сесія. Падчас яе “народныя абраннікі” таемным галасаваннем выбралі свайго старшыню. У трэці раз запар ім стаў Аляксандр Ацясаў. Агульная тэза ягонага першага выступу сводзілася да наступнага: дэпутаты павінны займацца не “паліціканствам”, а канкрэтнымі справамі, апраўдваючы давер людзей.
За новага-старага старшыню адзінадушна прагаласавалі 57 прысутных на сесіі дэпутаў з 59, што ўваходзяць у склад аблсавета. Дарэчы, у аблсавет павінны былі абраць 60 дэпутатаў. Як бачым, аднаго па нейкіх прычынах “недабралі”.
Абраныя таксама тры намеснікі старшыні аблсавета. Імі сталі дырэктар філіяла РУСП “Белдзяржстрах” па Віцебскай вобласці Серафім Мяцеліца, дырэктар Віцебскага філіяла РУПЭ “Белтэлекам” Аляксандр Бохан і дырэктар абласной філармоніі Алена Падаляк, якія будуць працаваць на грамадскіх пачатках.