Усяслаў вернецца на кані
“Народныя навіны Віцебска” ужо паведамлялі пра тое, што сёлета ў Полацку ўсталююць помнік князю Усяславу Чарадзею. Зараз стала вядома, што ягонае адкрыццё адбудзецца 8 верасня – у гэты час у Полацку будзе праходзіць экалагічны фестываль. А для свядомых беларусаў дадзеная дата сімвалічная тым, што ў гэты дзень адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы. І вось праз 900 гадоў князь-легенда вернецца ў родны горад як сапраўдны ўладар.
Помнік усталююць на перакрыжаванні вуліц Еўфрасінні Полацкай і Кастрычніцкай. На конкурс эскізаў помніка было выстаўлена 13 работ. Тры першыя месцы занялі творы Сяргея Бандарэнкі, Аляксандра Прохарава і Алеся Шатэрніка. Але паміж імі да 1 сакавіка праводзіцца паўторны бліц-конкурс, бо галоўны пераможца выставіў нерэальна высокі кошт за сваю работу. “Палачане ставяць помнікі на грамадскіх пачатках, таму хочацца, каб і скульптары не былі сквапнымі”, – сказаў старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла. Ён падкрэсліў, што кіраўніцтва горада мае намер максімальна паніжаць кошт работ: шукаць больш танныя матэрыялы, актыўна выкарыстоўваць дапамогу сяброў з гарадоў-пабрацімаў. А са скульптарам будзе заключана дамова на канкрэтную суму ганарару, піша газета “Народнае слова”.