Сёння свой 90-гадовы юбілей адзначае народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, вядучы акцёр і рэжысёр драмтэатра імя Я.Коласа, Ганаровы грамадзянін Віцебска Фёдар Іванавіч Шмакаў. У тэатры з гэтай нагоды сёння пройдзе бенефіс выдатнага акцёра.
Гледачы ўбачаць спектакль «Праўда добра, а шчасце лепш” па Аляксандру Астроўскаму ў пастаноўцы самога Ф.Шмакава. У спектаклі ён выконвае адну з цэнтральных роляў – Сілы Ерафеевіча Гразнова. Затым юбіляр будзе прымаць віншаыванні.
Ф.І.Шмакаў працуе ў тэатры імя Я.Коласа з 1941 года. За гэтыя гады ён сыграў на коласаўскай сцэне каля 200 роляў. Самая знакамітая – Несцерка ў аднайменным спектаклі, якую ён з нязменным поспехам выконвае ўжо 40 гадоў. Артыст таксама здымаўся ў фільмах (на ягоным ліку больш за 40 кінематаграфічных работ).
Віншуем Фёдара Іванавіча і зычым здароўя ды шчасця ў творчасці!