Актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзянісу Дзянісаву пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Трэці тыдзень Дзяніс Дзянісаў знаходзіцца за кратамі.
2 сакавіка актывіста Дзяніса Дзянісава ў Віцебскім сьледчым ізалятары наведаў адвакат Пётар Каваленка. Паводле яго, Д.Дзянісаву выставілі абвінавачаньне паводле 342?га артыкулу: «Ён абвінавачаны ў арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе. Гэта выявілася нібыта ў тым, што яны падрыхтавалі ўлёткі й плякаты й зьбіраліся такім чынам супрацьдзейнічаць».
Паводле адваката, падзеі, якія фігуруюць у справе Дзянісава, адбыліся 18 чэрвеня 2006 году ў Віцебску. Тады група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі «Бунт» спрабавала правесьці апызыцыйную акцыю. Актывісты вывесілі бел?чырвона?белы сьцяг.
Крымінальную справу паводле ўдзелу Д.Дзянісава ў гэтым эпізодзе завялі летась у кастрычніку. А затрымалі яго 16 лютага ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку актывіста трымалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2.
Як паведаміў адвакат Пётар Каваленка, стаўленьне да Д.Дзянісава ў сьледчым ізалятары «нармальнае, на дрэнныя ўмовы ён ня скардзіцца». Адвакат паведаміў, што ягоны падабаронны віны не прызнае. «Будзем дамагацца зьмены ўтрыманьня для Дзяніса», — сказаў адвакат Каваленка. Ён лічыць, што пэрспэктывы ў абароне кліента добрыя.
“Радыё Свабода”