Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з актывістамі Віцебшчыны
У мінулыя выходныя былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч наведаў Віцебшчыну.
Ён сустракаўся з грамадскімі актывістамі Браслаўскага, Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркоўшчынскага раёнаў у вёсцы Германовічы, што на Шаркаўшчыне. У нядзелю Мілінкевіч наведаў Віцебск, куды на сустрэчу з ім прыехалі прадстаунікі Полацку, Наваполацку, Чашніцкага і Гарадокскага раёнаў, Воршы. Таксама спадар Мілінкевіч сустрэўся з віцебскай моладзю і наведаў Паўла Севярынца, які адбывае пакаранне у вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. «Я меркаваў маральна падтрымаць Паўла, але атрымалася так, што сам атрымаў ад яго маральную падтрымку» – так адазваўся Аляксандр Мілінкевіч аб сустрэчы з Севярынцам.
Гаворка на сустрэчах ішла пераважна пра мэты і задачы руху «За Свабоду!». Паводле Аляксандра Мілінкевіча, ён імкнецца аб'яднаць людзей не вакол сваёй асобы, а вакол працы на карысць Беларусі. Рух «За Свабоду!» аддае перавагу рэгіёнам, дзе будзе ажыццяўляць праграмы па інфармаванню, абароне людзей, фіксацыі парушэння законнасці з боку ўлады, і розныя «добрыя справы». Спадар Мілінкевіч адзначыў таксама, што ён не атрымаў адказу на свой ліст да прэзідэнта Лукашэнкі, але не стаціў гатоўнасці супрацоўнічаць з уладай.