Магчыма, сёлета ў Віцебску адной з гарадскіх гімназій нададуць імя Янкі Купалы. Прынамсі, мясцовыя ўлады разглядаюць такую магчымасць. Гэтую ідэю чыноўнікам ад адукацыі падказаў віцебскі паэт Давід Сімановіч.
Як распавёў літаратар, гэтая прапанова была ўспрынята станоўча: сёлета ж будзе адзначацца 125-годдзе з дня нараджэння Купалы і Коласа. Зараз вырашаецца, менавіта якая з навучальных устаноў будзе мець гонар называцца імем беларускага песняра. Хутчэй за ўсё, гімназія №1 або гімназія №2. А можа, якая іншая школа. Але гэта ўжо дэталі. Галоўнае, каб добрая прапанова прайшла, а не памерла ў паперках чыноўнікаў.
А пачалося ўсё з таго, што Давід Рыгоравіч прачытаў у газеце “Віцебскі кур’ер” нататку пра тое, што ў апошні час стала модным надаваць школам не толькі нумары, але й імёны. Імёны вядомых людзей носяць каля 40 устаноў адукацыі рэгіёна. Так, нядаўна па хадайніцву ўрада Маскоўскай вобласці СШ№29 Віцебска нададзена імя Васіля Піменава – Героя Савецкага Саюза. А віцебская гімназія №3 жадае насіць імя Аляксандра Пушкіна. Педкалектыў і вучні хадайнічаюць аб гэтым перад гарадскімі ўладамі. “Але ўзнікае пытанне: чаму гімназісты абралі менавіта Пушкіна? Бясспрэчна, ён геній. Ды толькі хіба мала ў нас сваіх талентаў і выбітных асоб? Напрыклад, М.Багдановіч, У.Караткевіч, В.Быкаў, Я.Купала, Я.Колас, К.Каліноўскі... Спіс можна працягваць вельмі доўга”, – пісаў “Віцебскі курь’ер”. Тады Давід Сімановіч і вырашыў прапанаваць уладам надаць адной з гімназій імя Купалы. Што атрымаецца з гэтай добрай ідэі, неўзабаве пабачым.