Супрацоўнікі праваахоўных органаў Віцебскай вобласці вучацца альпінізму. Як паведамілі ў прэс-службе УУС аблвыканкама, міліцыянты асвойваюць практыку і тэорыю гэтага занятку падчас вучэбнага збора па спецыяльнай і штурмавой альпінісцкай падрыхтоўцы. Збор праходзіць у Віцебску, а ў вучэннях удзельнічаюць каля 30 прадстаўнікоў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння.
Як паведамляе БелТА, міліцыянты адпрацоўваюць практыкаванні па спуску з верталёта, праходжанне аконнага праёму, спуск з будынка і іншыя заданні на высотных аб’ектах Віцебска. У прэс-службе лічаць, што навыкі альпінізму дазволяць міліцыянтам падвысіць сваю кваліфікацыю. Слушна. Горы віцебскія міліцыянеры ці наўрад будуць пакараць, а вось гэткі спрыт можа цалкам прыдасца хоць бы і ў здыманні нацыянальных сцягоў, якія ў Віцебску Мірон часта вывешвае на вельмі небяспечных верхатурах. А то часта міліцыя стаіць разгублена і не ведае, што з гэтым сцягам рабіць...