Расійскія спецыялісты прымяняюць антычныя тэхналогіі пры рэстаўрацыі фрэсак XII ст. Полацкай Спаса-Прэабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. Рэстаўратары працуюць у храме па запрашэнні Міністэрства культуры Беларусі з канца лютага.
Як распавёў кіраўнік рэстаўрацыйнай групы Уладзімір Сараб’янаў, нягледзячы на тое, што зараз існуе мноства спосабаў замацавання фарбавага слою фрэсак з дапамогай хімічных прэпаратаў, рэстаўратары ў Спаса-Прэабражэнскай царкве ўжываюць толькі старажытныя тэхналогіі. Напрыклад, выкарыстоўваюць яечны жаўток, які мастакі дабаўлялі ў фарбы з часоў антычнасці. У жаўток уводзіцца спецыяльны раствор, дзякуючы чаму ён набывае біястойкасць, а старыя фарбы аднаўляюць сваю моц. Спецыяліст адзначыў, што зараз раскрыта прыкладна трэцяя частка фрэсак храма. Разам з расіянамі ў царкве працуюць беларускія рэстаўратары. Першы этап аднаўленчых прац плануецца скончыць да 5 чэрвеня – Дня памяці Еўфрасінні Полацкай.
Група У.Сараб’янава спецыялізуецца на аднаўленні фрэсак XII-XIV ст.ст. Мастакі прымалі ўдзел у рэстаўрацыі помнікаў у Суздалі, Ноўгарадзе, Пскове, а нядаўна вярнуліся з Македоніі.
У Спаса-Прэабражэнскай царкве знаходзяцца мошчы апякункі Беларусі Еўфрасінні Полацкай. Нагадаем, што Міністэрства культуры плануе неўзабаве пачаць працэдуру ўнясення Спаса-Прэабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Паводле БелТА.