Адраджэньне святыні
15 красавіка 2007 гда, на сьвята Божай Міласэрнасьці, у каталіцкай капліцы ў Гнязьдзілаўскім Двары (Докшыцкі раён) упершыню з 1939 года была адпраўлена Сьвятая Імша, якую цэлебраваў а. Марэк Пасют (OFMCap), канцэелабравалі а. Андрэй Жылевіч(OFMCap) і а. Андрэй Букштан (OFMCap). На ўрачыстасьці прысутнічала больш за сотню жыхароў Гнязьдзілава і Докшыц.
Капліца ў Гняздзілаўскім Двары была ўзведзена ў сярэдзіне 19 стагоддзя як пахавальня ўладальнікаў тутэйшага маёнтка Шышкаў і Козел-Паклеўскіх. У савецкі час мясцовыя школьнікі разрабавалі пахаванні. Старажылы згадваюць, як хуліганы выцягвалі труны з пахаванняў на вадаём і каталіся на іх, як на лодках, прыносілі чарапы ў школу. У 2004 годзе пустая капліца была падпалена, але агонь своечасова паспелі патушыць.
“Стаім усе перад сьвятыняй, у якой служылі Богу людзі, у якой таксама да вайны адпраўлялася ня раз Сьвятая Імша. Пасьля вайны сёньня Імша адпраўляецца першы раз. Пан Езус хоча, каб Сьвятая Эўхарыстыя вярнула нам веру ў тое, што Ён ёсць міласэрны і што Ён між намі. Ён хоча аднавіць ня толькі матэрыяльны храм, гэтую капліцу, але і духоўны храм, якім зьяўляемся мы самі. Сьвятую Імшу адпраўляем за ўсіх жыхароў Гнязьдзілава, за тых, якія да нас жылі тут, працавалі цяжка і сумленна, сумленна жылі, памёрлі, былі пахаваныя тут і ў іншых мейсцах, на Гнязьдзілаўскіх могілках, як за каталікоў, так і за праваслаўных. І таксама молімся за жывых, якія сёньня жывуць, таксама за праваслаўных і за каталікоў, за кожнага жыхара. Хай Бог увайдзе ў нашыя дамы, нашыя сем’і, нашае жыццё,”— сказаў напачатку Імшы а. Марэк Пасют.
У бліжэйшы час плянуецца адрамантаваць капліцу і добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яе. Капліца будзе называцца ў гонар Божай Міласэрнасьці.