У КДЦ “Віцебск” праходзяць адразу дзве выставы-кірмашы
З 26 па 28 красавіка ў КДЦ “Віцебск” праходзяць адразу дзве выставы-кірмашы: “Здароўе і прыгажосць” (адбываецца ў 4-ты раз) і “Дом і сад” (у 2-гі раз). Па традыцыі іх праводзіць Віцебскі цэнтр маркетынгу. Сёлета ў выставах прымаюць удзел больш за 40 прадпрыемстваў з нашай вобласці, Міншчыны, Брэста, Магілёва і Смаленска. Напрыклад, на выставе “Дом і сад” арганізатары планавалі прадставіць сучасныя сістэмы пад інтрыгуючай назвай “разумны дом”. На выставе “Здароўе і прыгажосць” наведвальнікі змогуць азнаёміцца з навінкамі медтэхнікі і фармакалогіі, лячэбнай і дэкаратыўнай касметыкі, парфюмерыі і інш. Прадстаўлены таксама традыцыйныя і нетрадыцыйныя метады лячэння, прадукцыя пчалаводства. Раздзелы выставы “Дом і сад” наступныя: дызайн інтэр’ера, хатні тэкстыль, мэбля, бытавая тэхніка, ахова жылля, насенне, кветкі, дэкаратыўныя расліны, садовая тэхніка, угнаенні, фітадызайн і іншыя накірункі, якія могуць стаць цікавымі не толькі спецыялістам, але і звычайным гараджанам.