Глыбачане запрагуць каней
Як ужо паведамлялі “Народныя навіны Віцебска”, у Глыбокім прыдумалі новую экстрэмальную гульню – “Уладар сяла”. Яна стартуе 6 траўня, і ў ёй возьмуць удзел 10 сямей з Глыбоцкага раёна. І хоць конкурс у першую чаргу разлічаны на гараджан, у ім будуць спаборнічаць як жыхары горада, так і вяскоўцы. На першым этапе рэаліці-гульні ім трэба будзе на хуткасць запрэгчы каня і ўсёй сямейнай талакой пасадзіць некалькі сотак бульбы.
Пасля ўдзельнікі пройдуць яшчэ 17 этапаў. Будуць араць, касіць, жаць, даіць буронак, нарыхтоўваць сена, дровы, збіраць грыбы, ягады, лавіць рыбу, пячы хлеб і гатаваць стравы беларускай кухні ў рускай печцы, дэманстраваць сваё майстэрства ў народных рамёствах і мастацкай самадзейнасці і г.д.
Вынікі гульні падвядуць напрыканцы восені, калі традыцыйна заканчваецца сялянская праца. Сям’ю, якая пераможа, чакае каштоўны прыз.