Народные новости Витебска

На плошчы Перамогі сёння пройдзе не толькі мітынг, але і вернісаж мастакоў

У Віцебску святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 62-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, распачнуцца сёння а 10 раніцы. Па традыцыі калона ветэранаў, грамадскасці, прадстаўнікоў працоўных і навучальных калектываў рушыць з плошчы Леніна і ўрачыста пройдзе праз цэнтр горада да плошчы Перамогі. У 10.45. тут пачнецца мітынг і цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да манумента воінам-вызваліцелям “Тры штыкі”. А ў скверы, што побач з плошчай Перамогі, напрацягу цэлага дня адбудзецца вернісаж мастакоў і выстава вырабаў народнай творчасці.

З 12 да 14 гадзін для ветэранаў і гараджан будуць спяваць дзіцячыя мастацкія калектывы. Увечары свята перанясецца на плошчу Тысячагоддзя Віцебска – тут пройдзе канцэрт самадзейных артыстаў з розных устаноў культуры горада. (Раней штогод такія канцэрты праходзілі на плошчы Свабоды, але сёлета яна занята вагончыкамі будаўнікоў, што шчыруюць на рэканструкцыі Летняга амфітэатра).

У дзесяць гадзін вечара неба ад Віцебскам павінен расквеціць святочны салют.

Нясумна сёння павінна быць і ў парку культуры і адпачынку Мазурына, дзе чакаецца тэатралізаванае свята. Дзень Перамогі збіраюцца адзначыць і ў гарадскім пасёлку Руба пад Віцебскам. Месцічы ўбачаць шэсце святочнай калоны, мітынг-рэквіем, затым тут зладзяць канцэрт і спартыўна-забаўляльную праграму.