В’етнамка абдурыла віцебскіх прадпрымальнікаў амаль на 100 тысяч долараў
Пракуратура Віцебскай вобласці завяла крымінальную справу на жыхарку В’етнама Фан Тхі, якая ўзяла ў пазыку ў віцебскіх прадпрымальнікаў амаль 92 тысячы долараў і больш за 6 мільёнаў рублёў. Затым махлярка знікла. Следства ўстанавіла, што яна вярнулася на радзіму. Фан Тхі лёгка абвяла вакол пальца ажно 18 спагадлівых да яе бяды беларусаў. Нават распіскі ім напісала, што верне пазыку.
В’етнамка ўвогуле была вынаходлівая. Па сваім прыездзе ў наш цудоўны горад яна зарэгістравала фіктыўны шлюб з нашым суайчыннікам. А затым сюды прыехаў яе сапраўдны муж. Улагодзіўшы сямейныя праблемы, Фан Тхі разгарнула бізнэс на адным з віцебскіх рынкаў. Знайшла добрых знаёмых. Стала ім скардзіцца на свае фінансавыя праблемы. Яны паверылі беднай в’етнамцы, дапамаглі гора гараваць – хто рублямі, а хто і доларамі...
Як паведаміла старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці Ірына Таўтын, сабраныя на махлярку матэрыялы перададуць у пракуратуру Беларусі. Адтуль яны будуць накіраваны ў В’етнам для прыцягнення жанчыны да крымінальнай адказнасці. Але ці атрымаюць даверлівыя віцебскія людзі свае грошы, вялікае пытанне.