Віцебск ушанаваў сваіх ветэранаў

Сёлета на святкаванне Дня Перамогі ў цэнтры Віцебска сабралася не так шмат людзей, як два гады таму, калі адзначалася 60-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Зусім мала было і герояў свята – вэтаранаў. У натоўпе людзі казалі: “Да, раней было сапраўды свята. А цяпер... Колькі іх засталося, тых ветэранаў...” Яно і зразумела, бо тым, каму ў 1945-м было, напрыклад, 20 гадоў, зараз ужо 82. Узрост больш чым шаноўны, і таму многія ўдзельнікі вайны на плошчу Перамогі прыйшлі з дапамогай сваіх маладых сваякоў. А некалькі выступоўцаў на мітынгу каля “Трох штыкоў” гнеўна крытыкавалі ў сваіх прамовах улады Эстоніі за тое, што тыя “спакойна глядзелі, як у Таліне знішчаюць помнік Воінам-вызваліцелям”. Пры гэтым, натуральна, яны дзякавалі нашаму прэзідэнту, бо ў Беларусі клапоцяцца пра ветэранаў і шануюць усё, што звязана з Другой сусветнай вайной.

Пра гістарычную значнасць гэтай вайны ёсць самыя розныя кропкі гледжання. Але Дзень Перамогі, бадай, адзінае свята, што перайшло да нас у спадчыну з савецкіх часоў, якое зразумела і блізка кожнаму беларусу. Ад сівагаловага ветэрана да яго маленькага праўнука.

Між іншым, вернісаж мастакоў і выставу вырабаў народнай творчасці, што павінны былі адбыцца ў скверы побач з плошчай Перамогі, па нейкай прычыне адмянілі. Мясцовыя ўлады ўмеюць нечакана ўносіць карэктывы ў арганізацыю мерапрыемстваў. Прынамсі, у 11 гадзін, калі ў скверы знаходзіўся карэспандэнт “ННВ”, нішто не ўказвала на тое, што такая падзея тут пройдзе. Людзі стаялі перад ачапленнем міліцыі і глядзелі на тое, што адбываецца каля “Трох штыкоў”, ды слухалі прамовы на мітынгу.          

Меткі:

Чытайце яшчэ