У Віцебску на месцы Мікалаеўскага сабора робяць каналізацыйны калодзеж
У Віцебску на плошчы Свабоды, дзе раней стаяў праваслаўны Свята-Мікалаеўскі сабор (былы паезуіцкі касцёл Св. Язэпа), вядуцца працы па пракладцы дзюкера і пабудове каналізацыйнага калодзежа.
З боку, які бліжэй да Віцьбы выкапаны катлаван дыяметрам больш за 3 метры і глыбінёй каля 2 метраў. У катлаване добра бачныя парэшткі муроў зруйнаванай за савецкім часам святыні, на некаторых кавалках захавалася атынкоўка і фрагменты роспісу. Частка друзу, які выбраны з яміны, вывезеная ў невядомым накірунку.
Працы вядзе “Віцебсквадаканал”. Прадстаўнік гэтай арганізацыі, які не пажадаў прадставіцца, патлумачыў, што катлаван выкапаны дзеля каналізацыйнага калодзежа, працы абумоўленыя неабходнасцю пабудовы дзюкера (напорнага водаадвода, які пракладаецца пад рэчкай або каналам) праз Віцьбу, бо існуючая сістэма каналізацыі не спраўляецца.