У Віцебску працягваюць руйнаваць астаткі сцен комплексу Свята-Мікалаеўскага сабора
Працягваюцца земляныя працы на плошчы Свабоды ў Віцебску. Сёння, нягледзячы на прадпісанне загадчыка аддзела культуры аблвыканкама Ніны Сулецкай спыніць усялякую дзейнасць на месцы, дзе раней стаяў комплекс будынкаў Свята-Мікалаеўскага сабора, катлаван значна пашырылі — ён сягае каля 7 метраў у даўжыню, 5 метраў у шырыню і мае глыбіню да 2 метраў.
Паводле слоў спадарыні Сулецкай, пракладку камунікацый на тэрыторыі плошчы Свабоды для будучага моладзевага забаўляльнага цэнтра замовіў "Віцебскводаканалу" гарадскі выканаўчы камітэт Віцебска. Аднак, паколькі працы адбываюцца на тэрыторыі, дзе могуць быць рэшткі пабудоў яшчэ з 12 стагодзьдзя, патрэбнае ўзгадненне інстытутам гісторыі Акадэміі навук. Выканаўцы такога дазволу не маюць, аб чым Ніна Сулецкая ды іншыя адказныя асобы склалі пратакол, засведчыўшы факты парушэння закону пра ахову гістарычнай спадчыны.
Парэшткі будынкаў, якія вымаюцца з-пад зямлі экскаватарамі вывозяцца ў не вядомым накірунку. Такім чынам знішчаюцца артэфакты, якія маюць бясспрэчную археалагічную каштоўнасць, і наносіцца непапраўныя страты гістарычным аб’ектам.