12 гадоў турмы – за адмыванне грошай
Жыхар Полацка асуджаны на 12 гадоў пазбаўлення волі за адмыванне грошай. На працягу доўгага часу ён кіраваў злачыннай групай, якая займалася ў Беларусі незаконнай нарыхтоўкай лому і адкідаў чорнага і каляровага металаў для продажу оптам у Расію.
Як паведамляе прэс-служба упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці, для легалізацыі грашовых сродкаў складаліся несапраўдныя дакументы аб тым, што пастаўкі метала здзяйсняліся нібыта ад імя фірм, якія мужчына заснаваў у Расіі. Атрыманыя такім чынам грошы злачынная групоўка ўкладала ўжо ў легальны бізнэс у Беларусі. Да прыкладу, набывала прадукцыю прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу, а затым збывала яе ўсё ў тую ж Расію.
Бліжэйшы "памочнік" кіраўніка злачыннай групы асуджаны на 3 гады і 10 месяцаў. Акрамя таго, злачынцы павінны аддаць дзяржаве звыш 125 мільёнаў рублёў за прычыненыя ёй страты.