Віцебскія “кангрэсмены” наперадзе Беларусі ўсёй
На гэтым тыдні адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сілаў. Імкненне лідэраў асобных палітычных партыяў як мага хутчэй правесці Кангрэс, які бы змяніў канфігурацыю ў кіраўніцтве апазіцыі і ўпартая гадавая барацьба за гэтую “галоўную задачу” амаль здзяйсняецца.
“Нам не патрэбны лідэр” – год сцвярджалі кіраўнікі партый. І паклалі год барацьбы, каб дабіцца галоўнага – адмовіцца ад лідэра апазіцыі. Пры гэтым яны не хацелі браць пад увагу меркаванне дэмакратычнай часткі насельніцтва, ні меркаванне сяброў сваіх партыяў.
Дзеля таго, каб даказаць рацыю сваёй “галоўнай стратэгічнай задачы” у барацьбе з дыктатурай – адмовіцца ад лідэра апазіцыі, яны вырашылі спытаць актывістаў. Была выдуманая быццам бы бясспрэчная схема. Хто сабраў 300 подпісаў падчас кампаніі “Мясцовыя выбары”, той мае права прымаць рашэнні на Кангрэсе. Заадно гэта схема і пакажа ў якой партыі колькі актыву. І ў асноўным так і адбылося.
Па Віцебскай вобласці АГП правяла на Кангрэс 5 чалавек, БНФ – 5, БСДП (Г) – 8, БСДП (НГ) – 11, Рух “За Свабоду” – 19. Здавалася бы гэта адпавядае рэальнай растаноўцы сіл на Віцебшчыне. Але тут мы упускаем адзін момант. У апазіцыі існуе такая камуністычная партыя, і гэтыя хлопцы маюць досвед працы з галасаваннем, якія сыходзіць у глыбіню дзесяцігоддзяў.
Адмовіўшыся ад удзелу ў мясцовых выбарах, “каб не падстаўляць” сваіх сяброў, якія ў бальшыні сваёй працуюць у бюджэтных арганізацыях, камуністы павінны былі забяспечыць сабе бальшыню на Кангрэсе. І пайшла пісаць губерня... Ад Віцебскай вобласці загадана было вылучыць камуністам 40 дэлегатаў.
Губерня пісала пра ўсё. І пра вылучэнне ў кандыдаты, якія быццам бы пасля адмовіліся рэгістравацца, і складалі спісы вылучэння у камісіі, якія не данеслі ў адміністрацыі, зноўку ж “каб не падстаўляцца”, нават былі групы студэнтаў, якія збіралі подпісы пад маніфестам “За Свабоду” для сваіх выкладчыкаў, якія таксама “не павінны падстаўляцца”. Праўда студэнты іншым разам запаўнялі некалькі радкоў адным почыркам, ды і подпісы адной рукой ставілі, але гэта павінна было “праскочыць”, улічваючы што старшыня Абласной Назіральнай Камісіі – камуніст, Аршанскай – камуніст, Полацкай – камуніст.
У Воршы ўвогуле вырашылі, каб не мучацца і “не падстаўляцца” не збіраць подпісы, а дамовіцца. Склалі спіс з “30 годных людзей” падпісалі пратакол – і ў Мінск. У Полацку старшыня гарадской “самай арганізаванай апазіцыйнай партыі” ПКБ з падробленым подпісам сакратара накіроўвае пратаколы ў Цэнтральную Назіральную Камісію.
З Віцебска ідзе шэсць пратаколаў без подпісаў сяброў назіральнай камісіі ад БСДП (НГ), БНФ і Руху “За Свабоду”. Пасля таго як на Палітрадзе было ўзнятае пытанне пра сфальсіфікаваныя падпісныя лісты і з’явілася патрабаванне адправіць подпісы ў абласную камісію для праверкі. Абласная камісія, у якой апынулася большасць прадстаўнікоў “левага блоку” і іх саюзнікаў самараспусцілася.
Здавалася – гэта можа быць развязкай пра фальсіфікацыі. ЦНК усё дасканала праверыць і фальсіфікатары “не пройдуць”. Але ў ЦНК, дзе бальшыню мелі таксама “левые” з саюзнікамі вырашылі паіншаму. Раз прыхільнікі А. Мілінкевіча абвесцілі пра свой няўдзел у сфальсіфікаваным Кангрэсе, патрэбна даць шлях усім, хто хоча пайсці Кангрэс незалежна ад “чысціні” подпісаў.
Таму неабходна было – усіх зацвердзіць за выключэннем самых абуральных выпадкаў падробкі. Такім чынам, усе полацкія і аршанскія патрапілі ў дэлегаты Кангрэса. Усе віцебскія, якія імкнуцца на Кангрэс, за выключэннем “абуральных фактаў” трапляюць у дэлегаты.
Віцебшчына наперадзе ўсёй Беларусі. 88 дэлегатаў вылучаны падчас кампаніі “мясцовыя выбары”. Але тут і зноў і незадача. Камуністы, якія быццам бы сабралі больш за 300 подпісаў у перыяд выбараў і пад маніфестам “За Свабоду” не захацелі ехаць у Віцебск на абласную канферэнцыю, каб “не падстаўляцца”. Таму, што, як афіцыйна паведамілі “не хочуць адрывацца ад градак”. У такой сітуацыі прыхільнікаў абрання аднаго Лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў на абласной канферэнцыі магло быць больш. Тады вырашылі праводзіць сход “не адыходзячы ад градак” у Воршы, Полацку і Віцебску.
Як і чакалася прыхільнікаў абрання аднаго Лідара аб’яднаных дэмакратычных сілаў на Віцебскай абласной канферэнцыі апынулася большасць – 43 супраць 31. Але калі прыйшлі пратаколы з Воршы і Полацку, сітуацыя змянілася. За сустаршынства апынулася ў агульнай суме на 15 галасоў больш.
Віцебшчына ідзе на Кангрэс з 136 дэлегатамі, з якіх больш за 30 – сфальсіфікаваныя. Пры гэтым ад АГП пад сумнеў можа паставіць толькі аднаго дэлегата з Воршы, ад БСДП (Г) – двух, астатнія з вядучай левай “передовой” камуністычнай партыі.
З такой арыфметыкай Кангрэс будзе вырашаць самае “лёсавызначальнае” пытанне апазіцыі?