Цэнтр сучаснага мастацтва праводзіць урокі для дашкольникаў
На працягу двух гадоў працуе ў віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва школа музейнай педагогікі. 22 мая тут адбылося заседанне круглага стала па выніках яе работы. Праблемы сумеснай работы музея і дашкольных ўстаноў абмяркоўвалі прадстаўнікі бакоў.
Самыя маленькія наведвальнікі віцебскага Цэнтра сучаснага мастацтва – хлопчыкі і дзяўчынкі 5-6 гадоў – кожны месяц прыходзяць сюды на сустрэчу з мастацтвам. Музейныя ўрокі хутчэй напамінаюць ім гульню, цудоўнае падарожжа ў краіну карцін, малюнкаў, фарбаў. Супрацоўнікі музея прапануюць дашкольнікам не проста экскурсію, яны расказваюць ім пра жанры карцін (пейзаж, партрэт ці нацюрморт), пра абстрактны і рэалістычны жывапіс, і малыя без намаганняў засвойваюць усё гэта.
Як сцвярджае старэйшы навуковы супрацоўнік ЦСМ Алена Зорына (аўтар ідэі праэкта), дзеці вельмі добра разумеюць абстрактны жывапіс, лёгка засвойваюць паняцці “каларыт”, “кампазіцыя”.
Урокі суправаджаюцца практычнымі заняткамі: хлопчыкі і дзяўчынкі складаюць мазаіку, якая зроблена з рэпрадукцыі ці з сапраўднага малюнка, капіруюць карціны мастакоў прама на падлозе ў выставачнай зале (фарбы, алоўкі, пэндзалі яны прыносяць з сабой). У выніку дзеці вучацца бачыць колар, форму, як правільна разглядваць карціну, каб зразумець яе сэнс. Могуць адказаць, аб чым “крычыць ” карціна, а аб чым “шэпча”, што знаходзіцца на пярэднім яе плане, што на заднім.
Выхавацелі адзначылі рост у інтэлектуальныа-эмацыянальным развіцці дзяцей, якія наведвалі музейныя ўрокі. Не на кожным уроке малявання дзіця можа праявіць сябе, свае бачанне так, як тут, парой ён бачыць тое, чаго не бачыць дарослы.
Так, зусім малыя дзеці на здзіўленне паспяхова вучацца бачыць прыгажосць. Ці застануцца ўсе гэтыя веды праз год-два ў цяперашніх маленькіх вучняў музейнай школы, якія зараз трапятліва ўбіраюць у сябе азбуку мастацтва, - гэтае пытанне зараз найбольш за ўсё турбуе супрацоўнікаў Цэнтра. Як не размарнаваць тое, што беражліва пасеяна ў маленькіх душах? На жаль, пакуль што не ідуць на кантакт з музеем агульнаадукацыйныя школы горада.
Урокі музейнай педагогікі адапціраваны пад дзяржаўную праграму развіцця “Пралеска”. Можа варта адапціраваць школьную праграму да культуры і мастацтва, каб фарміраваць у юных беларусаў ўстойлівы інтарэс да выяўленчага мастацтва, неабходнасць пастаянных зносін з ім?
Мэтай урокаў з’яўляецца не толькі развіццё ў дзяцей здольнасці да ўспрымання мастацкіх твораў, але і прапаганда культурнай спадчыны. У свой час Віцебскае народнае мастацкае вучылішча таксама вяло актыўную прапаганду сучаснага мастацтва. Супрацоўнікі ЦСМ бачуць канцэпцыю сваёй установы ў захоўванні гэтай традыцыі. У іх планах - сустрэчы наведвальнікаў музея з мастакамі, экскурсіі у творчыя майстэрні, практычныя заняткі па скульптуры, семінары па віцебскай мастацкай школе для настаўнікаў.