У Віцебску, магчыма, з’явіцца плошча ці вуліца імя князя Альгерда
Прадстаўнікі грамадскасці прапануюць шырока адзначыць 645-годдзе перамогі беларускіх войскаў Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам вялікага князя Альгерда на Сініх Водах і вызвалення Украіны ад татараў. Створаны нацыянальны аргкамітэт па падрыхтоўцы святкавання, якое пройдзе ў верасні і снежні гэтага года. У прыватнасці, аргкамітэт звярнуўся да ўладаў з прапановай ушанаваць імя вялікага князя Альгерда ў назвах плошчаў, праспектаў і вуліц у Мінску, Віцебску, Навагрудку і іншых гарадах Беларусі.
Прапаноўваецца таксама паставіць помнік Альгерду ў Мінску, перайменаваць Мінскае сувораўскае вучылішча ў Мінскі кадэцкі корпус імя Альгерда.
Разам з “Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) аргкамітэт аб’явіў аб правядзенні конкурсаў дзіцячай і моладзевай мастацкай творчасці, прысвечаных перамозе на Сініх Водах. Выстава па выніках конкурсаў адчыніцца 11 верасня. Творы ў рамах дасылаць да 24 жніўня на офіс ТБМ па адрасе: Мінск, 220034, вуліца Румянцава, 13. Акрамя таго, аргкамітэт аб’явіў аб правядзенні тэматычных конкурсаў на літаратурны (проза і паэзія), музычны і твор выяўленчага мастацтва (творы і дадзеныя пра іх трэба падаць у офіс ТБМ да 1 верасня).