З-за запазычанасці ў 768 мільёнаў рублёў у Наваполацку спынілі будаўніцтва біамехзавода па перапрацоўцы бытавых другасных рэсурсаў, а папросту — смецця. Каб дабудаваць завод урад рэкамендуе Віцебскаму аблвыканкаму ўзяць крэдыт, а выплачваць яго са сродкаў фондаў аховы прыроды.
Нягледзячы на тое, што горад практычна патанае ў адходах і патрэба ў такім заводзе вельмі пільная, яго не могуць пабудаваць ужо чатыры гады. А ў гэтым годзе, калі падаткі, якія плацяцца ў экалагічны фонд, сталі цэнтралізавана забірацца ў Мінск, фінансаванне праекта спынілася. Для даведкі: за год Наваполацк выплачвае 32 мільярды рублёў экалагічнага падатку, што роўна падатку Гродна, Салігорска, Мазыра і Бабруйска, разам узятых, а каб дабудаваць завод па перапрацоўцы бытавых адкідаў трэба 16,5 мільярды рублёў.
У той жа час згодна кантракту пачало паступаць адмысловае абсталяванне нямецкай фірмы “Леманн”. Усталёўваць яго пакуль няма куды. Трэба заплаціць 170 мільёнаў рублёў мытных пошлін — грошаў таксама няма. Пакуль абсталяванне будзе валяцца на мытных складах будзе збягаць гарантыйны тэрмін. І можа так здарыцца, што абсталяванне згубіць гарантыя, ні дня не папрацаваўшы...
Як бачым, урад прапануе ўзяць крэдыт для дафінансавання праекта. Такім чынам Наваполацку прапануюць пазычаць свае ж грошы, забраныя ў рэспубліканскі бюджэт.