Спецыялісты раяць не праветрываць кватэры, а таксама не гуляць у раёне аўтадарог, каналаў і вадасховішчаў. Спёка, якая назіраецца ў нашай краіне апошнія два тыдні прывяла да павышэння ўзроўню небяспечных рэчываў у гарадскім паветры. Гэта тычыцца такіх распаўсюджаных газаў, як аміяк, аксіды вугляроду, серы і азоту.
Дарэчы, ў Віцебску і Гомелі было зафіксавана перавышэнне існых нормаў колькасці фармальдэгіду ў паветры ў 23 разы. На гэты момант у Мінску адзначана павышэнне нормаў аміяку ў раёне парку Чалюскінцаў, а на плошчы Свабоды - лятучых арганічных спалучэнняў.
Рэспубліканскі цэнтр радыяцыйнага кантролю нават “папрасіў” буйныя беларускія прадпрыемствы “знізіць актыўнасць” і перадухіліць павышэнне ўзроўня забруджвання. Багдана Казярук, начальнік аддзела прагназавання ўзроўню забруджвання паветра, спадзяецца, што з’ява будзе насіць часовы характар.
Спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра сцвярджае, што гэтыя рэчывы заўсёды прысутнічаюць у паветры, асабліва ў вялікіх гарадах. Прычым пакутуюць звычайна людзі з праблемным здароўем:
“Больш за ўсё пакутуюць сталыя людзі, таксама з хранічнымі захворваннямі і дзеці. Але ўсё залежыць ад колькасці небяспечных рэчываў у паветры. Вось у гэты перыяд, калі ўжо тры тыдні стаіць спёка, павысіўся ўзровень заражэння паветра дыяксідам азота і фармальдэгідам. Асабліва ў раёне аўтадарог”.
У Беларусі пакуль яшчэ ніхто не звяртаўся па адмысловую дапамогу ў сувязі з забруджаным паветрам. Каб пазбегнуць нават магчымасці пэўнага дыскамфорту спецыялісты раяць не праветрываць кватэру і не знаходзіцца ў месцах з заведама брудным паветрам:
“Не зафіксаваны выпадкі, каб хто-небудзь скардзіўся, што стала дрэнна, бо паветра забруджана. Што трэба рабіць? Неабходна як мага хутчэй выйсці з гэтага месца. Не гуляць у раёне аўтамагістраляў. Яшчэ зараз ёсць спецыфічны пах у раёне каналаў і вадасховішчаў - ідуць працэсы гніення і раскладання. Трэба папросту кватэру менш праветрываць. Да таго ж, павесіць сетку на вокны і ўвільгатняць яе”.
"Еўрапейскае радыё для Беларусі"