8-10 чэрвеня ў Паставах адбываецца Х Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. У юбілейным фестывалі прымаюць удзел калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Малдовы.
Фестываль адкрыўся юбілейным канцэртам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча і “Пастаўскі балем” з удзелам калектываў-лаўрэатаў мінулагодніх фестываляў. Калі сцямнела, пастаўчане і шматлікія госці горада змаглі назіраць лазернае шоу і святочны феерверк. У праграме фестывалю: традыцыйны конкурс калектываў і выканаўцаў на народных інструментах “Хто каго?”, імпрэза, прысвечаная 25-годдзю народнага аансамбля народнай музыкі і песні “Вітанне”, выступленне харэаграфічнага ансамбля “Гарадзенскія карункі”.
9 чэрвеня перад удзельнікамі свята і гараджанамі выступіць ансамбль “Песняры”. Фальклорны ансамбль “Паазер’е” з Пастаўшчыны прэзентуе дыск з запісамі сваёй музыкі. У пастаўскай царкве адбудзецца святочная літургія з удзелам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, а каля палаца Тызенгаўзаў — тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб” і адкрыццё хрысціянскай капліцы, а 10 ў касцёле Св.Антонія — канцэрт духоўнай музыкі.
Як заўсёды, шматлікія майстры народных рамёстваў прапануюць пакупнікам свае вырабы. А аэраклуб дае магчымасць усім жадаючым здзейсніць прагулку з экскурсіяй на верталёце. І, вядома, фестываль завершыцца маштабным гала-канцэртам у амфітэатры, які размешчаны ў гарадскім парку.