Зміцера Лісеенку затрымалі прыкладна а 3-й гадзіне раніцы суботы каля адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебска за тое, што ён фарбай намаляваў на бетоннай агароджы надпіс “Свабоду Казуліну!” Пасля складання пратаколу маладзёна накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання. Суд адбыўся днём — без адваката і са сведкамі толькі з боку міліцыі.
Зараз Зміцер адбывае тэрмін пакарання ў ІЧУ і працуе на рамонце ды афарбоўцы платоў і пляцу палку дарожна-паставой службы. Адчувае сябе добра. Слухачам Радыё Рацыі перадаў прывітанне: “Жыве Беларусь!”
На наступны суд па абвінавачванню ў несанкцыянаваным пікетаванні і непадпарадкаванню супрацоўнікам міліцыі падчас працэсу над Валерам Шчукіным у 14.30 у панядзелак яго даставяць з-за кратаў ІЧУ. Калі суддзя не дадасць тэрміну арышту, то Зміцер Лісеенка выйдзе на волю якраз к трэцяму суду за графіці “Свабоду Шчукіну!” на будынку УУС Віцебскага аблвыканкама.