Аўдыёкніга ад Уладзіміра Арлова
У Мінску выйшла першая ў Беларусі аўтарская аўдыёкніжка — аповесьць Уладзімера Арлова «Час чумы». На кампакт-дыску ў фармаце мр3 прафэсыйны дыктар Леанід Дзяркач начытвае аповесць Арлова пра паэта Міколу Гусоўскага і ягоную «Песьню пра зубра». Запіс складае чатыры гадзіны.
Раней на дысках ужо выйшлі творы «1984» і «Ферма» Джорджа Оруэла ў перакладзе на беларускую мову, а таксама зборнік «Беларускія народныя казкі». Аповесць «Час чумы» — першы аўтарскі твор, выдадзены ў аўдыёфармаце.
Сам Уладзімір Арлоў прызнаецца, што не слухае аўдыёкніжкі: «Можа, я старамодны. Але для мяне немагчыма нават чытаць мастацкі тэкст на маніторы, тым больш -- слухаць. Каб адчуць асалоду, пранікнуць у тэкст, мне трэба ўзяць у рукі кнігу».
Але на стварэнне такога праекту пісьменніка натхніў выпадак у басэйне: «На суседняй са мной дарожцы плаваў хлопец з плэерам — нейкім сучасным, вадастойкім. Я пацікавіўся, якую ён музыку слухае, а ён кажа: «Я не музыку слухаю, а кніжкі!»
Пакуль што з дыскам «Час чумы» можна пазнаёміцца толькі ў сталіцы па адрасе: пр-т Машэрава, 8. Але хутка ён трапіць і ў кнігарні. Аўдыёкніга каштуе каля 8 тысяч рублёў. У наступных аўдыёкніг будуць большыя наклады, і кошт будзе змяншацца, запэўнівае Арлоў.
Так, у пісьменніка распрацаваны цэлы шэраг праектаў -- яшчэ ён збіраецца выдаць у аўдыёверсіі кніжку для дзяцей «Адкуль наш род», гістарычны бестсэлер «Таямніцы полацкай гісторыі», які вытрымаў ужо 4 друкаваныя перавыданьні, падарожныя нататкі «Сланы Ганібала», а таксама вядомы зборнік «Ордэн белай мышы».
«Надалей я б хацеў сам начытваць тэкст,-- кажа Арлоў.-- Гэта будзе ствараць уражанне прысутнасці аўтара, так, напэўна, цікавей. Тым больш, многія тэксты напісаны ад першай асобы. Але выдавец Алесь Калоша хоча, каб актор чытаў «Адкуль наш род».
Для пісьменніка гэта падаецца непрымальным. Тым больш, што ён плануе зрабіць не проста аўдыёкніжку для дзяцей, а мультымедыйны праект: з фотаздымкамі і гукавымі эфектамі: «Падчас аповеду будзе чутны тупат капытоў, бразгат мячоў, пераможныя воклічы аўтара!»
Выданне аўдыёкнігі «Таямніцы полацкай гісторыі» Арлоў прысвеціць 1145--годдзю роднага горада.
Сабіна БУДЗІМІРАВА - Химик