Каля КДЦ “Віцебск” з васьмі вечара гудзела моладзевая дыскатэка. Бліжэй да 11 гадзін выступіў духавы аркестр Віцебскай ваеннай камендатуры. А пасля загучала мелодыя дзяржаўнага гімна.
На верхняй пляцоўцы каля культурна-дзелавога цэнтра стаяў зводны хор, які ў асноўным і спяваў гімн. Хору добра “дапамагалі” дэсантнікі, якіх пашыхтавалі побач. Падхвацілі песню і многія людзі з натоўпу, што шчыльным колам атачыў пляцоўку каля КДЦ.
Людзей сабралася столькі, што ўваходы на мост 1000-годдзя Віцебска і на мост, што вядзе да КДЦ з парка Фрунзэ, былі перакрыты міліцыяй. Як паведамляе БТ, у Віцебску гімн масава выконвала некалькі тысяч чалавек (для параўнання: у Гомелі – каля 25 тысяч чалавек). More...
Віцябчанам, якія стаялі ў першым шэрагу, бэрэсэмаўцы раздавалі “падказкі” з тэкстам гімна – што ні кажы, але ягоныя словы мала хто ведае напамяць. (А ў Магілёве і Гомелі тэкст высвечваўся на спецыяльных экранах. Жыхары ж Брэста, паводле БТ, збіраюцца прасвяваць гімн разам яшчэ раз – на Дзень горада).
Тут жа прысутнічала вышэйшае кіраўніцтва вобласці і горада – Уладзімір Андрэйчанка і Пётр Драздоў ды іншыя чыноўнікі. Начальства спявала разам з усімі (праўда, не дужа ўпэўнена), а на іхніх тварах выразна чыталіся задавальненне і замілаванне. Скончылася акцыя святочным салютам, у якім пераважалі колеры дзяржаўнага сцяга.
Шчыра сказаць, на гэтым прапагандысцкім мерапрыемстве вашага карэспандэнта ўразіла колькасць народу. І было незразумела, ці гэтыя людзі прыйшлі па сваёй волі, ці іх прыгналі. Карэспандэнты “ННВ”, прабіваючыся праз кардон на мосце, пачулі, як адна жанчына ўпрошвала міліцыянта, каб той прапусціў яе: “Бо мяне ж тады заўтра з працы звольняць!” А яе спадарожнік гучна здзіўляўся: “І чаму не пускаюць? Я разумею, каб мы ішлі гарэлку піць, а то ж – гімн спяваць!”