Б.Хамайда аштрафаваны на 10 базавых велічынь за плакат з радкамі з верша Купалы
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў сёння мясцовага апазіцыянера Барыса Хамайду на 10 базавых велічынь (310 тысяч рублёў) за правядзенне несанкцыянаванага пікету. Ён выйшаў у цэнтр Віцебска, дзе зараз праходзіць «Славянскі базар», з плакатам, прысвечаным да 125-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.
На плакаце, упрыгожаным нацыянальным беларускім арнаментам, былі напісаны радкі з купалаўскага верша «Хай жа вам так не здаецца»: “Хай жа вам так не здаецца, што бяда ўжо і зацісне. Знайце, ліха ператрэцца, і маланкай доля блісне”. У руках Б.Хамайда трымаў свежы нумер газеты «Наша ніва», надрукаванай да юбілею беларускага песняра, у якім на першай старонцы змешчаны вялікі фотаздымак Я.Купалы.
Прыкладна праз 50 хвілін апазіцыянера затрымала міліцыя. Суд угледзіў у гэтым недазволены пікет.
Па словах Хамайды, ён быў ненадоўга затрыманы і напярэдадні, 6 ліпеня. Пасля тлумачэння, што ў Віцебск на адкрыццё «Славянскага базара» прыедзе прэзідэнт, супрацоўнікі аховы правапарадку адпусцілі апазіцыянера без складання пратакола.