Народные новости Витебска

Супрэматычны жывапіс галандскіх мастакоў у Віцебску

У дзень нараджэння горада — 7 ліпеня — у фестывальным Віцебску практычна ў кожным кутку адбывалася якая-небудзь з’ява. Гэты фестываль багаты на зорныя выставы. Шмат замежных мастакоў палічылі за гонар прывезці ў Віцебск свае работы на 120-годдзе Марка Шагала.

Выстава палотнаў галандскіх мастакоў Йана Ветэра ван Афёсдэна і Йоса ван Беек у рамках міжнароднага галандска-беларускага праекта “Супрэматычны дывертысмент” адкрылася у Цэнтры сучаснага мастацтва Віцебска.

Тут прадстаўлены абстрактны жывапіс — яркія, чыстыя, жыццярадасныя палотны, напісаныя пад уражаннем творчасці Марка Шагала. Некаторым чынам гэтыя галандскія мастакі – прыемнікі вялікага майстра: уласцівае Шагалу пачуццё радасці быцця праходзіць і скрозь іх творчасць. Абодва мастакі па адукацыі жывапісцы, больш за 15 гадоў выкладалі ў навучальных установах Галандыі. На сваіх палотнах яны адлюстроўваюць пачуцці, думкі, асацыяцыі, якія знаходзяцца глыбока ў іх сэрцах.

Йан Ветэр нават размаўляе са сваімі карцінамі. Мастак працуе ў розныз напрамках – ад графікі да жывапісу, ад скульптуры да тэхнічных эскізаў. Стаўшы незалежным мастаком, ён шмат вандраваў па краінах, выстаўляўся ў Італіі, Турцыі, Партугаліі, Кітаі, Францыі. Апошняя яго выстава прайшла ў парыжскай галерэі “Grande Arche”.

Йос ван Беек у сваіх работах перакрыжоўвае фантазію з рэальнасццю, у яго палотнах праглядваюцца фігуры жывёл і людзей, пейзажы, ландшафты. Карціны абодзвух мастакоў зачароўваюць яркасцю фарбаў, непаўтарымым каларытам, зараджаюць аптымізмам, жыццёсцвярджальнай энэргіяй, уласцівай аўтрам, даюць нам магчымасць зразумець іх краіну, іх культуру.

Галандска-беларускі праект – вынік доўгачасовага творчага супрацоўніцтва віцебскага фонда “Караван культуры” і прадстаўнікоў галандскіх мастакоў, якія з задавальненнем прынялі запрашэнне ў Віцебск. Гэтае супрацоўніцтва з пачатковай стадыі мае рэальную магчымасць перарасці ў вялікую культурную місію, ў прасоўванні якой зацікаўлены абодва бакі.

Выстава працуе да 14 ліпеня.