На кірмашы народных рамёстваў “Горад майстроў”, што традыцыйна праходзіць на “Славянскім базары ў Віцебску”, многія людзі спыняюцца паглядзець не на пейзажы і нацюрморты. У цэнтры ўвагі – партрэт беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар партрэта – віцебскі самадзейны мастак-пенсіянер – выставіў яго на продаж за 100 еўра. Жадаючых набыць “твор мастацтва” пакуль няма.
Цікаўным мастак, якога завуць Алег, а прозвішча сваё ён не афішуе, кажа, што намаляваў прэзідэнта даўно – каля 12 гадоў таму, калі той толькі прыйшоў да ўлады. Таму на партрэце Аляксандру Рыгоравічу ўсяго 39 гадоў. На думку Алега, беларускі лідэр – “прыгожы мужчына, разумны, смелы, адважны” і “у яго найцяжэйшая праца”.
Творчы багаж саматужнага мастака за ўсё жыццё небагаты – усяго сем карцін, якія уваходзяць у цыкл з доўгай і гучнай назвай “Развал Саюзу. Здрада сацыялістычным ідэям. Пяцьдзесят гадоў Перамогі ці поўнае паражэнне?”. Героямі ягоных палітычных карыкатур сталі Сталін, Гітлер, Ленін, Ельцын, Гарбачоў і нават цар Мікалай ІІ.
Паводле “Радыё Свабода”.