Віцябчане звярнуліся ў камітэт па правах чалавека ААН
Сёлета ў камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый паступіла чатыры звароты з Віцебска. Па словах віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, жыхары самага паўночнага ў Беларусі абласнога цэнтра ў гэту высокую міжнародную інстанцыю ніколі раней не звярталіся.
Праваабаронца дапамог скласці лісты наступным грамадзянам: пенсіянеркам Алене Залескай і Людміле Сухарукавай, вядомаму апазіцыянеру і рэдактару газеты “Выбар” Барысу Хамайдзе, а таксама сакратару кансісторыі рэлігійнага аб’яднання Евангелічна-лютэранскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Віталю Созінаву.
А.Залеская звярнулася ў камітэт з мэтай аднавіць права бесперашкодна распаўсюджваць і атрымліваць інфармацыю, гарантаванае як Канстытуцыяй Беларусі і іншымі беларускімі законамі, так і міжнароднымі прававымі актамі, выкананне якіх узяла на сябе наша дзяржава. У скарзе А.Залеская піша, што 26 ліпеня 2006 года яе затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У Кастрычніцкім РАУС, куды яе завезлі, быў складзены пратакол, згодна якому жанчыну абвінавачвалі ў арганізацыі і правядзенні вулічнага шэсця. На наступны дзень суд пакараў яе штрафам у памеры 620 000 рублёў. Гэта сума роўная пенсіі, якую яна атрымлівае за два месяцы.
А.Залеская лічыць, што “нельга лічыць двух ідучых побач мінакоў як арганізаванае масавае шэсце”, і тлумачыць, што яна і яе калега не неслі ні сцягаў, ні плакатаў, ні транспарантаў, а толькі напрацягу 10 хвілін раздавалі грамадзянам улёткі, да якіх суд не меў прэтэнзій, а таксама афіцыйна зарэгістраваную газету «Товарищ». І нават мелі пасведчанні грамадскіх распаўсюджвальнікаў гэтага выдання. З пункту гледжання жанчыны, рашэнне суддзі пакараць яе такім штрафам – “неабрунтаванае, несправядлівае і жорсткае”.
У лісце В.Созінава гаворыцца аб тым, што 24 лістапада 2006 года ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі вынес пісьмовае папярэджанне рэлігійнаму аб’яднанню Евангелічна-лютэранскай царквы аб парушэнні Закона “Аб свабоде сумлення і рэлігійных арганізацый”. Паколькі гэта пагражала царкве ліквідацыяй, яе кіраўніцтва вырашыла абскардзіць папярэджанне рэгіструючага органа ў судзе. Тады і высветлілася, што ўзнікла прававая калізія: Канстытуцыя Беларусі ў артыкуле 60 гарантуе абарону правоў і свабод у судах, але рэалізаваць гэта права няма магчымасці – бо ў артыкуле 37 Закона “Аб свабоде сумлення і рэлігійных арганізацый” адсутнічае ўказанне аб праве рэлігійных арганізацый абскардзіць у судах пісьмовыя папярэджанні, якія выносяцца на іх адрас. Такім чынам любое рэлігійнае аб’яднанне ў нашай краіне пазбаўлена абароны ў судзе.
Для вырашэння знойдзенай прававой калізіі прадстаўнікі царквы звярнуліся да прэзідэнта Беларусі, у Савет Міністраў, у нацыянальны парламент з просьбай унесці змены ў вышэйназваны закон. Але кіраўнік дзяржавы і гэтыя дзяржаўныя органы адмовіліся садзейнічаць вырашэнню узнікшай праблемы.
Б.Хамайда прыводзіць у сваім звароце наступныя факты. Сёлета 7 ліпеня ён знаходзіўся ў цэнтры Віцебска з фатаграфіяй славутага беларускага паэта Янкі Купалы і плакатам, на якім быў напісаны ўрывак з яго верша: “Хай жа вам так не здаецца, Што бяда ўжо і зацісне! Знайце, ліха ператрэцца. І маланкай доля блісне”. Б.Хамайда тлумачыць, што з’яўляецца прыхільнікам літаратурнага таленту Я.Купалы і такім чынам хацеў выказаць свае адносіны да ягонай творчасці. Але ў Чыгуначным РАУС, куды яго неўзабаве забралі, быў складзены адміністратыўны пратакол аб парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства. У той жа дзень суд пакараў Б.Хамайду штрафам у памеры 310 000 рублёў, што складае каля 150 долараў.
Б.Хамайда лічыць, што ягоныя дзеянні нельга разглядаць як масавае мерапрыемства ці пікет. “Я не выражаў ні грамадска-палітычных, ні групавых, ні асабістых интарэсаў або пратэсту. Я толькі дэманстраваў мінакам урывак верша на беларускай мове. На маю думку, у гэтым урыўку адлюстроўваецца аптымістычны погляд на жыццё. Аўтар верша паведамляе чытачам, што неабходна спадзявацца на шчаслівую будучыню, умець пераадольваць жыццёвыя цяжкасці. З гэтымі думкамі паэта Я.Купалы я цалкам згодны і гэта меркаванне я спрабаваў данесці да людзей, якія праходзілі побач са мной. Мяркую, што сваімі дзеяннямі я не нанёс шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, арганізацыям або дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам. Бо дэманстрацыя ўрыўка верша не сарвала масавага мерапрыемства, не выклікала часовага спынення дзейнасці арганізацый ці парушэння руху транспарта, гібелі людзей, не выклікала прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў адной ці некалькім асобам”, – тлумачыць апазіцыянер. На ягоную думку, у дадзеным выпадку былі парушаны ягоныя правы на свабоду выказвання сваіх думак.
Пенсіянерка Л.Сухарукава заяўляе пра тое, як некалькі жыхароў Віцебска, у тым ліку яна сама і яе муж ды дачка, пацярпелі ад махляра. Як высветліла ўпраўленне дэпартамента па фінансавых расследваннях (УДФР) Камітэта дзяржаўнага кантролю Республікі Беларусь па Віцебскай вобласці, нехта А.М.Катэнка прадстаўляўся лекарам, здольным вылечваць цяжкія захворванні. Аднак, як сведчыць Л.Сухарукава, пасля яго “лячэння” людзі паміралі ці заставаліся нявылечанымі”. Суд Кастрычніцкага раёна асудзіў “народнага знахара” за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, пры гэтым знойдзеныя УДФР факты махлярства былі праігнараваныя. Тэрмін далі невялікі – тры месяцы арышту. Затым па дадзеным факце неаднаразова заводзілі крымінальную справу. І столькі ж разоў яе спынялі, пакуль канчаткова не закрылі сёлета ў сакавіку. Следчыя органы тлумачаць, што расследванню перашкаджае тое, што грамадзянін Катэнка хаваецца ад следства. Аднак, як зазначае Л.Сухарукава, ён чамусьці да гэтай пары не аб’яўлены ў вышук. Пенсіянерка лічыць, што следчыя органы па невядомых прычынах зацягваюць расследванне крымінальнай справы і не перадаюць яе ў суд.
Усе чацвёра спадзяюцца, што пасля звароту ў камітэт іхнія правы будуць адноўленыя.