На Крапівенскім полі пад Воршай адбудзецца традыцыйнае бардаўскае свята
Традыцыйны фестываль беларускай аўтарскай песні і паэзіі “Аршанская бітва-2007” сёлета адбудзецца 8 верасня. Пачатак а 20-й гадзіне.
Нагадаем, што гэты фестываль штогод праходзіць на месцы гістарычнай бітвы пад Воршай – на левым беразе Дняпра, дзе ў яго ўпадае рэчка Крапівенка. Менавіта тут, на Крапівенскім полі, 8 верасня 1514 года ваяры Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага перамаглі ўтрая большае войска маскоўцаў.
Плануецца, што падчас свята адбудзецца адкрыццё памятнай шыльды ў гонар нашых продкаў, якія здабылі тут адну з самых бліскучых у беларускай гісторыі перамог. Як ужо паведамлялі “ННВ”, на шыльдзе з чорнага граніту па прапанове пісьменніка Уладзіміра Арлова высечаныя словы: “Вечная слава героям Аршанскай перамогі 8 верасня 1514”. Аўтар эскіза памятнага знака – вядомы мастак Алесь Пушкін. Па ягонай задуме, шыльда з надпісам і гербам “Пагоня”, які адпавядае стылю XVI стагоддзя, усталявана на прыродным помніку – вялікім камяні з чырвонага граніту, што ляжыць на беразе рэчкі Крапівенка. У вышыню валун дасягае амаль паўметра, а ў шырыню 80 сантыметраў.
У гэтым годзе фэст пройдзе ў сямнаццаты раз. Упершыню свята “Аршанская бітва” адбылося ў 1991 годзе. За гэты час на ім выступілі амаль усе вядомыя беларускія барды: Лера Сом, Алесь Камоцкі, Зміцер Бартосік, Віктар шалкевіч, Андрэй Мельнікаў і іншыя.
Між іншым, у фестываля з’явіўся сайт у інтэрнэце: vorshafest.googlepages.com