У Віцебску створаць першы ў Беларусі культурны “холдынг”

Першы ў Беларусі культурны «холдынг» павінен з’явіцца ў Віцебску да 1 лістапада. Створаць яго ў выніку зліцця ў адно цэлае некалькіх арганізацый — культурна-дзелавога цэнтра «Віцебск», Летняга амфітэатра, кавярні «Маэстра», выставачнай залы «Духаўскі круглік», салона-крамы «Вольга» і парка культуры і адпачынку «Мазурына». Іх далучаць да Віцебскага гарадскога Цэнтра культуры (ВГЦК), якім кіруе Радзіён Бас, ён жа адначасова дырэктар Дырэкцыі фестываля «Славявянскі базар». Пасля такой рэарганізацыі атрымаецца мегагігант, які стане чацвёртай у Беларусі установай асаблівага тыпу і будзе мець такі ж статус, як Палац Рэспублікі, Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Называцца новая ўстанова будзе, хутчэй за ўсё, "Цэнтр культуры «Віцебск».

Па словах начальніка аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Віктара Кібісава, гэта будзе першы ў краіне вопыт зліцця ў адно дзвюх буйных культурных устаноў (ВГЦК і КДЦ «Віцебск»), якія рэалізуюць масштабныя творчыя праекты, у тым ліку міжнародныя. Робіцца гэта, каб выканаць даручэнне прэзідэнта па ўдасканаленні працы ВГЦК, і таму праект падтрыманы на ўрадавым узроўні. В.Кібісаў паведаміў, што тут будзе моцная матэрыяльна-тэхнічная база. А вось апаратура ВГЦК пры новых парадках будзе выкарыстоўвацца для розных праектаў, а не толькі для «Славянскага базара». Пры гэтым усе ранейшыя традыцыйныя фестывалі і святы застануцца самастойнымі і стануць больш якаснымі, бо палепшыцца іх фінансаванне, запэўніў В.Кібісаў. Па словах чыноўніка,штат супрацоўнікаў новага культурнага комплекса складзе каля 600 чалавек, а іхні заробак павялічыцца.

Паводле газеты «Віцьбічы».

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ