Драмтэатр імя Якуба Коласа зараз рыхтуецца да адкрыцця новага сезона. Акцёры рэпеціруюць некалькі прэм’ерных спектакляў. Сярод навінак, якія сёлета прадставяць коласаўцы, спектаклі “Дзверы” С.Кавалёва, які паставіў рэжысёр Юрый Лізянгевіч, і “Шаленства кахання” С.Шэпарда у пастаноўцы Міхася Краснабаева. У рэпертуары тэатра аднаўляюцца два спектаклі: “Залёты” – да 200-годдзя з дня нараджэння аўтара гэтай п’есы і заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама “Зямля” – да 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.
Коласаўцы нядаўна пабывалі ў Оршы, Полацку і Наваполацку, дзе паказалі спектаклі “Позняе каханне” і “Жыла-была Сыраежка”. З 8 верасня пачаліся традыцыйныя тэатральныя ўрокі для старшакласнікаў. На іх ідзе “Несцерка”. У спектаклі, адноўленым летась мастацкім кіраўніком тэатра Віталем Баркоўскім, у галоўнай ролі выступае вядучы майстар сцэны Пятро Ламан.