Народные новости Витебска

Незадаволеныя працай міліцыі талачынцы рыхтуюць пікет

Заяву з просьбай дазволіць правесці пікет супраць няякаснай працы міліцыі Талачынскага раёна падала пенсіянерка Салаўёва Надзея Уладзіміраўна. Яна лічыць што міліцыя неналежным чынам расследуе абставіны аўтамабільнай аварыі у якой загінула 5 чалавек: чатыры падлеткі, якіх збіла машына і кіроўца аўтамабіля “Кіа” — унук Надзеі Уладзіміраўны.

Нагадаем, што ў ноч на 11 ліпеня непадалёку ад вёскі Загароддзе ў 15 хвілін першага легкавы аўтамабіль, за рулём якога быў 25-гадовы жыхар Талачына, наехаў на групу падлеткаў, што ішлі уздоўж дарогі. Двое хлопцаў і дзве дзяўчынкі ва ўзросце ад 13 да 18 год загінулі на месцы. Як нам удалося высветліць, адзін з хлопчыкаў — жыхар Гомеля, які прыехаў на Талачыншчыну да родзічаў. Астатнія загінуўшыя падлеткі — мясцовыя жыхары.

Як нам распавяла маці загінуўшага кіроўцы, Сцяпанава Зоя Барысаўна, следства, якое цягнецца больш двух месяцаў, выклікае шмат пытанняў. Міліцыя самастойна правяла апазнанне, родных да гэтай працэдуры не дапусцілі, і Зоя Барысаўна нават не ўпэўненая — ці сваё дзіця яна пахавала. У той жа час у Талачыне найбольш папулярная версія, якая тлумачыць здарэнне тым, што за аўтамабілем гналася міліцыя, а жыхары інтэрната тэкстыльнай фабрыкі быццам бы бачылі, як ахоўнікі правапарадку стралялі. На карысць гэтай версіі сведчыць тое, што дыску правага задняга кола знайшлі нешта падобнае на кулю, а адна з міліцэйскіх машын (верагодна тая, якая пад час пагоні сутыкнулася з “Кіа”) была тэрмінова перафарбаваная. Не супадае з рэчаіснасцю, па словах Зоі Барысаўны, і час рэгістрацыі паведамлення ў міліцыю аб аварыі.

Пікет, у якім плануюць прыняць удзел каля 10 чалавек, заяўлены на 30 верасня, пісьмовы адказ аб дазволе мусіць прыйсці 25.