У Літаратурным музеі выстаўлены рэчы Якуба Коласа
Выстава, прысвечаная Я. Коласу, “Слова Коласа яднае” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыальнага музея Я. Коласа ў Мінску адкрылася ў віцебскім Літаратурным музеі. Гэта экспазіцыя –адзін з этапаў вялікага творчага праекта музея “Песняры зямлі беларускай”, прымеркаванага да святкавання 125-годдзя народных паэтаў Я. Купале і Я. Коласу.
На выставе можна ўбачыць лісты, першыя выданні кніг пісьменніка на розных мовах, экспазіцыю па спектаклю “Сымон-музыка”, а таксама — асабістыя рэчы Якуба Коласа. Вобразы роднага краю пісьменніка, партрэт Коласа пэндзлю Уладзіміра Сулкоўскага, таксама прывезеныя сюды са сталіцы. У. Сулкоўскі у сваіх карцінах дасканала аднавіў тыя вугалкі прыроды, хаты, вёскі, каб мы маглі прайсціся пуцявінамі Я. Коласа.
У прэзентацыі выставы, якая адбудзецца ў сярэдзіне кастрычніка, прыме ўдзел дырэктар музея Я. Коласа ў Мінску З. Камароўская, хор з радзімы Я. Коласа, артысты коласаўскага тэатра.
У рамках праекта “Песняры зямлі беларускай” ў залах музея размешчаны яшчэ некалькі выстаў.
Віцебшчына ў лёсах народных песняроў прадстаўлена на аднайменнай экспазіцыі, у якой раскрываецца сувязь паэтаў з нашым краем, коласаўскім тэатрам. Цікавы, напрыклад, той факт, што ў 1903 годзе Я. Колас прыязджае ў вёску Сані (зараз – Талачынскі раён) і працуе там настаўнікам, а Я. Купала ў гэтым жа годзе – у вёску Беліцы (зараз – Сенненскі раён), дзе працуе прыказчыкам. Пачынаючыя паэты жылі у 20 км адзін ад аднаго на працягу 4 месяцаў. На выставе можна ўбачыць фатаграфіі пісьменнікаў тых гадоў, ступенькі, па якім хадзіў Я. Купала...
Адна з частак праекта — экспазіцыя “Нам засталася спадчына”, якая адсочвае жыццёвы і творчы шлях абодвух песняроў, прадстаўлены фатаграфіі, дакументальныя кнігі, этнаграфічны матэрыял.
Яшчэ адна асобная старонка гэтага вялікага праекта – выстава тэматычных плакатаў “Я. Купала ў дыялогу культур”, распрацаваных да 125-годдзя пісьменніка з выкарыстаннем фотаматэрыялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы (Мінск). У іх бачыцца сувязь купалаўскай творчасці з рускай, украінскай, польскай культурамі. Тут можна паглядзець і дакументальны фільм пра Я. Купалу.
Тэматычныя выставы, прысвечаныя святкаванню ўгодкаў паэтаў, будуць працаваць у Віцебску да 3 лістапада - дня нараджэння Я. Коласа. У гэты дзень ў віцебскім тэатры, які з 1944 года носіць імя пісьменніка, пройдзе святочны канцэрт.
У Літаратурным музеі з мэтай ушанавання памяці народных песняроў і далучэння іх творчай спадчыны зараз праводзяцца вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі, экскурсіі для вучняў, студэнтаў, шырокага кола зацікаўленых асоб, сярод якіх – творчыя людзі Віцебска. Бо творчасць Купалы і Коласа – невычарпальная крыніца натхнення для сучасных пакаленняў.