Хлопцы былі затрыманыя ўночы з 29-га на 30-га верасня на вуліцы Леніна каля ратушы. Падчас асабістага дагляду ў пастарунку ў іх знайшлі налепкі да "Еўрапейскага маршу" і паасобнікі газеты "Выбар".
У Кастрычніцкі райаддзел міліцыі трапілі Алесь Старацітараў, які навучаецца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, Павал Паўленка, студэнт адной з недзяржаўных мінскіх ВНУ, Аляксей Шылько, студэнт Беларускага Дзяржаўнага універсітэту і няпоўнагадовы Яўген Марчанка, вучань 11-га кляса віцебскай сярэдняй школы №17.
Пра акалічнасці затрымання распавёў віцебскі праваабронца Леанід Свецік:
"У хлопцаў былі пры сабе дакументы, але міліцыянты ўсё адно забралі іх у пастарунак. Там адбыўся дагляд, прычым, як мне распавялі затрыманыя, ён праводзіўся без панятых. І з усіх узялі тлумачэнні – хто даў ім налепкі і газеты, што яны меркавалі з імі рабіць і гэтак далей. Праз тры гадзіны затрыманых адпусцілі"
На думку Леаніда Свеціка, пра затрыманне Яўгена Марчанкі супрацоўнікі міліцыі абавязкова паведамяць у СШ №17, каб хлопца ўзялі на ўлік педагогі. Што паведамяць ва ўніверсітэты пра старэйшых затрыманых– таксама верагодна. Пакуль невядома, ці будуць распачатыя супраць хлопцаў адміністрацыйныя справы – пра гэта ім ніхто не паведаміў. Але практыка паказвае, што дадзеныя затрыманымі тлумачэнні могуць стацца асновай для складання адміністрацыйных пратаколаў.