Збіраюць грошы на помнік Анатолю Сысу

Анатоль Сыс у 90-ыя не ўпісаўся. Алесь Аркуш, які з Сысом быў у суполцы «Тутэйшыя» пісаў, што хваля адраджэньня 1980-х разьбілася аб хвалярэзы 1990-х, і з Сысом адбылася трагедыя разбурэньня. «Гэтак бывае з прафэсійнымі спартоўцамі, якія кідаюць займацца спортам».

Пэўна, што на пачатку 21 стагодзьдзя пра яго забыліся, яго цудоўная паэзія ў музычным выкананьні гучала хіба што на бардаўскіх вечарынах, хоць была вартая куды большых пляцовак. А ў апошнія гады ён жыў ціха, зрэдку ў родным Гарошкаве яго наведвалі толькі блізкія сябры. Астатнім не было справы да паэта, імя якога ўжо называюць у шэрагу самых яркіх беларускіх літаратараў 20 стагодзьдзя.

Пайшоў з жыцьця ён гэтак жа ціха – яго знайшла сястра. У паэта здарыўся сардэчны прыступ - і ён праляжаў у сваёй кватэры некалькі дзён. Ціха і правялі - на пахаваньні не было чыноўнікаў ад культуры, грамадзкай паніхіды таксама не праводзілі.

Анатоль Сыс пайшоў з жыцьця ў траўні 2005 году, але дагэтуль на ягонай магіле няма помніка. Яшчэ на пачатку года Саюз беларускіх пісьменьнікаў абвесьціў конкурс на надмагільле. Плянавалася прымеркаваць усталяваньне помніка да дня народзінаў паэта – 26 кастрычніка. У конкурсе перамог эскіз мастака Генадзя Лойкі, але паўстала іншая праблема – грошай на ўвасабленьне не знайшлося. Аўтар пагадзіўся працаваць бясплатна. Ён ужо замовіў камень, аднак выдаткаў не пазьбегнуць – каб апрацаваць пліту ды завезьці яе зь Менску ў Гарошкаў, трэба ля 2000 даляраў. Важыць такая пліта будзе ля тоны.

Кожны можна спрычыніцца да ўсталяваньня помніку паэту, ахвяруючы капейчыну. Як ды што можна дазнацца праз тэлефон (029) 768-56-14 (Эдуард).

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ