На Віцебшчыне аб’яўлена спаборніцтва сярод прадпрыемстваў па энергазберажэнні

Прэмію ў 200 базавых велічынь (6 200 000 рублёў) могуць атрымаць калектывы прадпрыемстваў Віцебшчыны па выніках абласнога спаборніцтва па эканоміі рэсурсаў і энергазберажэнні. Сродкі на ўзнагароды выдзелены з рэзервнага фонду аблвыканкама. Пераможцы будуць выяўляцца ў пяці групах.

Першая група – будаўнічыя і меліяратыўныя арганізацыі. Другая – арганізацыі гандлю і бытавога абслугоўвання. Ацэньваючы іхнюю працу, журы будзе ўлічваць выкананне за год мэтавых паказчакаў па эканоміі рэсурсаў і энергазберажэнні. У трэцяй групе – сельгасарганізацыі, якім, акрамя вышэй названых крытэрыяў, трэба яшчэ выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва.

Чацвёртая група – камунальныя арганізацыі. Ім у дадатак трэба знізіць дэбітарскую запазычанасць за паслугі. А вось прамысловым прадпрыемствам (пятая група) будзе, напэўна, сама складана: ад іх патрабуецца яшчэ і выканаць заданні па зніжэнні матэрыялаёмістасці прадукцыі.

Асобная прэмія прызначана для індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны павінны знізіць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў у разліку на аднаго супрацоўніка і ўжываць у сваёй працы рэсурса- і энергазберагаючыя тэхналогіі і абсталяванне.

Аблвыканкам вырашыў праводзіць падобныя спаборніцтвы штогод.

Меткі:

Чытайце яшчэ