Якую ваду п’ем, якім паветрам дыхаем?
Па ініцыятыве актывіста “Руху “За свабоду” Валерыя Шаўчэнкі ў Наваполацку 21-га кастрычніка адбылася экалагічная канферэнцыя “Чыстая вада”. Рыхтавалі і праводзілі яе сумесна з вядомай фірмай “Цэптар”.
Для Полацку і Наваполацку праблема чыстай вады і паветра з”яўляецца вельмі вострай. Актывісты “Руху”правялі вялікую падрыхтоўчую працу: далі запыты ў розныя дзяржаўныя ўстановы, якія павінны сачыць за якасцю вады, дамагліся, каб былі ўзятыя пробы, зрабілі параўнальны аналіз, выявілі шмат магчымасцей паўторнага забруджання вады на шляху ад артэзіянскіх свідравін да спажыўца, прыйшлі да высновы, што распаўсюджванне захворванняў на энтэравірус звязаныя якраз з бруднай вадой, якую мы ўжывем у якасці пітной.
Зразумела, што гэтая праблема пры састарэлых сістэмах водазабору не толькі Полацку ці Наваполацку — усёй Беларусі. Дзяржава не паспявае рамантаваць трубы, сачыць за якасцю вады ці паветра — у яе іншыя клопаты: пабудаваць яшчэ адзін лядовы палац, правесці дажынкі, пусціўшы пыл у вочы, зрабіўшы касметычны рамонт, бегаць за іншадумцамі і цкаваць іх. Між тым людзі гатовыя дапамагаць дзяржаве, кантраляваць стан вады і паветра, выяўляць болевыя кропкі і шукаць разам шляхі аздараўлення галоўных сродкаў жыцця—вады і паветра.